У аэрапорце Менску супрацоўнікі міліцыі затрымалі 22-гадовую ураджэнку Чачні Луізу Дудуркаеву, якая зьбегла з Расеі пасьля публікацыі яе фатаграфіі ў інтэрнэт-суполцы, удзельнікі якой перасьледуюць чачэнак, якія, на іх думку, вядуць сябе амаральна. Пра гэта паведамляе расейская «Новая газета».
Дудуркаева разам з бацькамі жыла ў чачэнскім горадзе Аргун і працавала ў Грозным. Пасьля таго, як яе фатаграфію выставілі ў суполцы, дзяўчыне пачалі паступаць пагрозы, і ў канцы чэрвеня яна зьехала з Чачні. Праваабаронцы дапамаглі ёй атрымаць прытулак і 31 жніўня ёй выдалі дакумэнты ўцекача і шэнгенскую візу ад Нарвэгіі.
Па заяве сваякоў Дудуркаевай ў Аргуне завялі вышуковую справу «па страце роднасных сувязяў». 3 жніўня ў аэрапорце Шарамецьцева яе затрымалі супрацоўнікі паліцыі, якія, атрымаўшы тлумачэньні Дудуркаевой, сфатаграфавалі яе і адпусьцілі.
Удзень 4 верасьня Луізу Дудуркаеву затрымалі ў Менску пры спробе вылецець у Хэльсінкі. Нягледзячы на тое, што дзяўчыну суправаджаў юрыст, які меў даверанасьць на прадстаўленьне яе інтарэсаў у дзяржаўных органах, зь дзяўчынай гутарылі за зачыненымі дзьвярыма, піша «Новая газета».
Праз гадзіну Луіза Дудуркаева выйшла ў сьлязах ў суправаджэньні мужчыны, які назваўся адвакату яе бацькам. Гэты чалавек павёз Луізу ў невядомым кірунку.