Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу Натальлю Гарачку будуць судзіць за дробнае хуліганства 


Натальля Гарачка падчас аднаго з судовых працэсаў
Натальля Гарачка падчас аднаго з судовых працэсаў

Праваабаронца Натальля Гарачка знайшлася ў Ізалятары часовага ўтрыманьня Барысава і застанецца там да суду. Паводле наяўнай інфармацыі, на яе складзены адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства.

1 верасьня жанчына прыехала праведаць сына Івана, які праходзіць тэрміновую службу і цяпер знаходзіцца на ваенным палігоне пад Барысавам. Там разьмешчана частка падразьдзяленьняў, задзейнічаных у вайсковых вучэннях «Захад-2017».

Увечары таго ж дня яна пасьпела затэлефанаваць калегам і паведаміла, што знаходзіцца ў аўтамашыне расейскіх вайскоўцаў у Барысаве.

Па яе словах, яна выйшла з маршруткі № 10 на скрыжаваньні каля «Барысаў-Арэны» і пайшла ў бок лесу. Сьледам рушылі двое вайскоўцаў. Неўзабаве пад’ехала машына, на расейскім нумары быў пазначаны 50-ты рэгіён Расеі. Яе прымусілі сесьці, унутры былі два расейскія вайскоўцы, адзін з капітанскімі пагонамі. Не прадставіліся, не сказалі, хто яны такія і куды вязуць.

У выніку прыбылі на КПП №1. Там зь ёй размаўляў беларускі афіцэр, які назваўся падпалкоўнікам Галавіным, праз слова крыў мацюкамі. Пасьля гэтага выклікаў міліцыю, супрацоўнікі даставілі яе ў Барысаўскі РАУС.

Натальлю Гарачку апытаў апэратыўны дзяжурны капітан міліціі Мікалай Мікуліч і сказаў, што яна вольная. Аднак у гэты час атрымаў па тэлефоне загад не адпускаць жанчыну на падставе таго, што едзе начальства і хоча зь ёй пагутарыць.

Неўзабаве да РАУС на праспэкце Рэвалюцыі, 20 пад’ехаў чорны пазадарожнік. З аўтамабіля выйшлі два чалавекі ў цывільным, за рулём быў кіроўца ў вайсковай форме. Ніхто зь іх не прадставіўся і не паказаў ніякіх дакумэнтаў, але было прынятае рашэньне затрымаць Гарачку.

Сёньня стала вядома, што праваабаронцу вінавацяць у дробным хуліганстве і будуць судзіць.

Мяркуючы па ўсім, выходныя ёй давядзецца правесьці ў камэры ізалятару.

Сама Натальля Гарачка ў размове з калегамі назвала здарэньне спробай яе выкраданьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG