Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яны былі першыя. Адам Станкевіч


Адам Станкевіч
Адам Станкевіч

Станкевіч Адам. Нарадзіўся 24.12.1891 г. у в. Арляняты Ашмянскага пав. Віленскай губ. (цяпер Смаргонскі р-н Горадзенскай вобл.). Памёр 29.12.1949 г. у Азярлягу. Пахаваны на лягерных могілках. Сымбалічная магіла ў в. Арляняты. Псэўданімы: А. Сакалінскі, Соколинский.

У нашай літаратуры ёсьць публікацыі пра заходнерусізм, палянафільства, але, здаецца, ніхто не дасьледаваў літуанафільства ў беларускім руху. Сьвятар Адам Станкевіч быў найбольш вядомым яго прадстаўніком. Вось якое вырашэньне віленскага пытаньня бачыў ён у 1921 г.: «Незалежная Літва (магчыма з найбольшай беларускай тэрыторыяй) са сталіцай у Вільні, поўнае раўнапраўе ўсіх народнасьцей — вось разьвязка Віленшчыны». Выпускнік Віленскай духоўнай сэмінарыі і духоўнай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, А. Станкевіч зь юных гадоў далучыўся да беларускага руху. У 1917 г. ён быў ліку ініцыятараў зьезду каталіцкага беларускага духавенства 24–25 траўня, адным з заснавальнікаў БХДЗ.

Сябрам Рады БНР сьвятар Адам Станкевіч стаў — разам з Вацлавам Ластоўскім ды іншымі — 13 сьнежня 1919 г. як прадстаўнік Беларускага камітэту дапамогі ахвярам вайны. У красавіку 1921 г. увайшоў у склад Дзяржаўнага Камітэту БНР, які выступіў супраць палітыкі прэм’ер-міністра БНР В. Ластоўскага.

Можна доўга пералічваць пасады, якія ў розны час ён займаў: сябар Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, прэфэкт Віленскай беларускай гімназіі, скарбнік Беларускага цэнтральнага выбарчага камітэту, пасол на Сойм Польскай Рэспублікі, старшыня Таварыства беларускай школы і фактычны кіраўнік Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры, сузаснавальнік беларускай друкарні імя Францішка Скарыны, рэдактар і выдавец часопіса «Хрысьціянская думка»... І ўвесь час заставаўся ідэолягам і нефармальным кіраўніком беларускай хадэцыі.

Сьвятар Станкевіч быў адным зь вядучых беларускіх публіцыстаў міжваеннае пары. Ён напісаў не адну кнігу і брашуру. Дасьледаваў гісторыю хрысьціянства ў Беларусі і беларускага хрысьціянскага руху, палітычную гісторыю Беларусі ды гісторыю літаратуры.

Хоць А. Станкевіч быў чалавекам правых перакананьняў, ягоная беларускасьць выклікала незадавальненьне польскіх уладаў. У 1933 г. ён быў звольнены з працы ў Віленскай беларускай гімназіі. Празь пяць гадоў — 15 сьнежня 1938 г. — яго выслалі зь Вільні. Мусіў жыць і працаваць у Слоніме. У 1939 г. ён вярнуўся ў Вільню, дзе была ўжо літоўская ўлада. Аднавіў выданьне газэты «Крыніца» і ўзначаліў беларускую гімназію.

Хоць у часе нямецкай акупацыі абмяжоўваўся рэлігійна-царкоўнай працай, у сьнежні 1944-га яго арыштавалі, але неўзабаве выпусьцілі. Саветы спакушалі а. Адама, як і архімандрыта Андрэя Цікоту, біскупскай мітрай, але пры ўмове, што Каталіцкая Царква ў Беларусі будзе «аўтакефальнай». Сьвятар на гэта не пайшоў. У сваіх праектах рэформы Каталіцкай Царквы ў БССР ён настойваў на яе адзінстве з Рымам.

13 красавіка 1949 г. А. Станкевіча арыштавалі другі раз, а ў жніўні асудзілі на 25 год лягераў. Зьняволеньня ён не перажыў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG