Гэта ўжо другая ў Беларусі крама пад назовам «Князь Вітаўт», асартымэнт якой дазваляе жыхарам рэгіёнаў набываць сувэнірныя вырабы беларускай тэматыкі ў сябе дома, а ня езьдзіць дзеля таго ў Менск.
Зрэшты, набыць тут можна ня толькі сувэніры, кажа адзін з гаспадароў, Сяргей Байко:
«Нядаўна мы атрымалі ліцэнзію на продаж друкаваных выданьняў, таму пачалі гандаль кнігамі і паштоўкамі. У нас можна набыць цішоткі і іншае адзеньне ад такіх вядомых брэндаў, як „Гонар“, „LSTR“, Symbal.by, сувэніры вытворчасьці Vitaem.by, упрыгожаньні ад брэнду „Прыгожы анёлак“. Канешне, мы прасоўваем прадукцыю вытворцаў зь Берасьцейшчыны. Гэта брэнд „Мой родны кут“ з Маларыты — вышываныя цішоткі, якія робіць Антон Талашка, славутыя берасьцейскія шкарпэткі з арнамэнтамі. А таксама наладзілі супрацоўніцтва і зь віцебскімі вытворцамі — брэндам „Беларуса“, вырабніком вязаных вырабаў з нацыянальнай сымболікай, цацак, сшыткаў, альбомаў для маляваньня з „Пагоняй“ ды іншымі нацыянальна-арыентаванымі малюнкамі».
Сяргей Байко і Алег Чапараў, якія 1 траўня адчынілі краму «Князь Вітаўт» у Берасьці, кажуць, што вялікім попытам карыстаюцца і цішоткі з «Пагоняй» іхнага ўласнага вырабу.
Віцебск стаў першым горадам, куды «Князь Вітаўт» прыйшоў ужо ў якасьці іншагародняй фірмовай крамы. Хоць ёсьць пляны адчыніць такія самыя і ў іншых гарадах, кажа Алег Чапараў:
«Наша першая крама адчынілася ў Берасьці сёлета 1 траўня. А ў Віцебску ў нас шмат знаёмых, якія таксама абяцалі дапамагчы. Мы разьлічвалі на падтрымку, да ўсяго — даволі часта даводзілася бываць у Віцебску раней. Таму вырашылі распачаць стварэньне сеткі крамаў менавіта адсюль. Спадзяемся, што свае тавары прапануюць на рэалізацыю і мясцовыя майстры, рамесьнікі — каб беларушчына пашыралася».
У адрозьненьне ад Берасьця, дзе крама «Князь Вітаўт» месьціцца ў гандлёвым цэнтры на другім паверсе, віцебскія пакупнікі маюць выразныя перавагі. Да прыкладу, берасьцейскім гандлярам даводзілася заносіць чалавека ў інвалідным вазку на ўласных руках — інакш у краму было ня трапіць. У Віцебску ж — уваход адразу з вуліцы.
У фае наведнікаў сустракае малюнак на ўсю сьцяну — выява легендарнага князя. Гэта адмысловая фатазона, якую аздобіў віцебскі мастак, вядомы пад псэўданімам «УРА» — дарэчы, аўтар скандальнага графіці «з птушкамі і клеткамі», зьнішчанага з распараджэньня гарадзкіх уладаў.
Тут жа, у фае, абсталяваны дзіцячы куток — столік з размалёўкамі і цацкамі, дзе малыя могуць бавіцца, пакуль бацькі нешта выбіраюць і набываюць.
Зрэшты, на адкрыцьці крамы было цікава ў роўнай ступені і малым, і дарослым: першых наведнікаў частавалі фірмовым печывам і вялікім тортам з «Пагоняй», а першым пакупнікам дарылі сувэніры. Пачатак працы быў адзначаны і адмысловай віктарынай па гісторыі Беларусі, падрыхтаванай віцебскім прадстаўніцтвам кампаніі «Будзьма беларусамі». Гаспадары таксама засталіся задаволеныя: жыхары Віцебску ўжо зрабілі першыя пакупкі, і такіх было шмат.