Адзін зь лідэраў грамадзкага аб’яднаньня «Дзея», якому адмовілі ў рэгістрацыі ў Беларусі, але зарэгістравалі ў Літве, Алесь Лагвінец сказаў сёньня Свабодзе, што арганізацыя правядзе новы ўстаноўчы сход і зноў перадасьць дакумэнты на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі Беларусі:
«Аднак мы ня будзем з гэтай справай сьпяшацца. Зараз лета, частка нашых актывістаў у адпачынку. Зьбяромся ў канцы году, а можа, нават і на пачатку наступнага.
Зразумела, хочацца мець афіцыйную рэгістрацыю ня толькі ў суседняй Літве але і ў Беларусі. Аднак, гледзячы на беспасьпяховыя спробы некаторых нашых калегаў, напрыклад хрысьціянскіх дэмакратаў, асаблівых ілюзіяў на наша афіцыйнае прызнаньне беларускімі ўладамі я ня маю», — заявіў Алесь Лагвінец.
Паводле статуту, задачы аб’яднаньня «Дзея» наступныя:
- садзейнічаньне пабудове грамадзянскай супольнасьці і праўнай дзяржавы, сьцьвярджэньню прынцыпаў свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека;
- стварэньне неабходных умоваў для асьветы грамадзянаў Беларусі ў галіне абароны правоў чалавека;
- садзейнічаньне забесьпячэньню незалежнасьці і сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусі, падвышэньню яе міжнароднага аўтарытэту як дэмакратычнай праўнай дзяржавы.