Беларускіх настаўнікаў могуць абавязаць інфармаваць наймальнікаў пра заняткі рэпетытарствам.
За гэта ў часе рэспубліканскай пэдагагічнай нарады выказаўся міністар адукацыі Ігар Карпенка.
На думку чыноўніка, аналіз сытуацыі засьведчыў, што выкладчыкі, задзейнічаныя ў прыёмных кампаніях у ВНУ ці на ўступных выпрабаваньнях у гімназіях, адначасова зьяўляліся і рэпэтытарамі.
«А ці не завуаляваная гэта форма карупцыі? — занепакоіўся міністар. — Таму для выключэньня магчымых канфліктаў інтарэсаў і карупцыйных рызыкаў ва ўстановах адукацыі міністэрства прапануе ўвесьці ў кантракты норму аб тым, што пэдагог абавязаны інфармаваць наймальніка аб ажыцьцяўленьні ім дзейнасьці ў якасьці рэпэтытара».
Карпенка лічыць, што настаўнік, які не імкнецца эфэктыўна выкарыстоўваць кожную хвіліну уроку, каб навучыць дзіця, найперш зацікаўлены ў тым, каб прапанаваць паслугі рэпэтытара.