Анатоль Еўмянькоў, які больш за дзесяць гадоў узначальваў дом-музэй Адама Міцкевіча ў Завосьсі пад Баранавічамі, больш не жадае змаганьня. Са спадаром Анатолем не працягнулі працоўны кантракт, і ад 1 верасьня сядзібу ўзначаліць нехта іншы.
Прычынай непрацягненьня працоўнага кантракту з Анатолем Еўмяньковым, стваральнікам сядзібы, стала ягоная спрэчка з кіраўніком аблвыканкаму Анатолем Лісам. На адной з нарадаў дырэктара музэю абвінавацілі ў кепскай працы.
Дырэктар пачаў гэта абвяргаць і спрачацца з чыноўнікам. У выніку кантракт зь ім не працягнулі. Анатоль Еўмянькоў цяпер не жадае пра тое нават згадваць:
«Я ўжо асабліва не пераймаюся гэтай гісторыяй. Цяпер ужо і камэнтаваць ня хочацца, і ўзгадваць таксама не хачу, бо заслужыў спакой. Я проста пераканаўся чарговым разам, што гэты гадзюшнік няма патрэбы варушыць. Было ды было. Я адпрацаваў, і ўсё. Ужо колькі гадоў на пэнсіі, маю права пайсьці на заслужаны адпачынак. А як здарылася, так і здарылася».
Дык які лёс чакае музэйную ўстанову, якую спадар Еўмянькоў столькі гадоў ўзначальваў?
«Гэта ўжо цалкам залежыць ад дзяржавы, бо музэй дзяржаўны. Таму няхай дзяржава клапоціцца надалей пра ўстанову. Я быў на сваім месцы, і ўсё, што мог, тое і рабіў. І лічу, што зрабіў. Спадзяюся, што памяць пра мяне застанецца. Будуць прыяжджаць туды людзі і казаць, што гэта Еўмянькоў пасадзіў парк. Ім зроблена гэтая прыгажосьць. У музэі сабрана каля сотні экспанатаў. Голыя сьцены і голы музэй жа быў. А далей няхай працягваюць. Думаю, у нас шмат людзей, якія здольныя і таленавітыя і змогуць працягваць у гэтым кірунку.
У адказе на пытаньне, наколькі дзяржава дапамагае ўтрыманьню і разьвіцьцю музэя, суразмоўца быў ляканічны:
«Тут проста без камэнтароў, бо няма нават чаго сказаць...»