Выпадак у Менску, калі ў машыне з зачыненымі вокнамі ад сьпякоты памёр сабака, выклікала вялікі рэзананс грамадзкасьці. Людзі абураюцца, што супрацоўнікі міліцыі і Міністэрства па надзвычайных сытуацыях не адгукнуліся на тэлефанаваньні і не дапамаглі выратаваць сабаку як «найлепшага сябра чалавека».
«Свабода» зьвярнулася ў менскае гарадзкое ўпраўленьне МНС і папрасіла адказаць на пытаньні наведнікаў сайту «Свабоды».
— Чаму супрацоўнікі МНС не разьбілі шыбу машыны, у якой паміраў сабака? Вядомыя ж выпадкі, калі ратаўнікі здымаюць катоў з дрэваў ці ратуюць сабакаў з азёраў.
— У выпадках з дрэвамі ці азёрамі мы дзейнічаем зыходзячы з асабістай чалавечай ініцыятывы. А сытуацыя з замкнутай машынай ня ўпісваецца ў такую схему. Што значыць разьбіць шкло чужога аўтамабіля? Гэта азначае пашкоджаньне асабістай маёмасьці. У нас такіх паўнамоцтваў няма. Мы можам і разьбіваем шыбу чужой машыны толькі тады, калі існуе пагроза жыцьцю альбо здароўю чалавека. Падкрэсьліваю, чалавека. Так прапісана ў заканадаўстве.
У гэтым выпадку ўсё разьвівалася даволі імкліва. Нам патэлефанавалі. Мы адразу перадалі інфармацыю ў ДАІ. Там «прабілі» нумары машыны, знайшлі яе гаспадара. І ён выйшаў з крамы. Але было ўжо позна. Вось так атрымалася.
— Што рабіць чалавеку, які пабачыў, што нейкай жывёле патрэбна дапамога, але сам ня можа яе ўратаваць? Каму тэлефанаваць?
— У нас у сталіцы ёсьць дзяржаўнае прадпрыемства «Фаўна гораду». Менавіта гэта арганізацыя займаецца ўсімі пытаньнямі, якія тычацца жывёлаў. Гэта іхная сфэра адказнасьці.
— Ці патрэбная ў Беларусі нейкая спэцыяльная служба для ратаваньня жывёлаў, ці мо трэба замацаваць такую функцыю за асобнымі атрадамі МНС?
— Наша міністэрства ня мае да жывёлаў ніякага дачыненьня. Як і да заканадаўчай ініцыятывы наконт гэтага. Нам складана адказаць на гэтае пытаньне.
14 жніўня 2017 году ля супэрмаркету ў раёне Шабаноў у машыне з зачыненымі вокнамі загінуў сабака. Побач сабраўся натоўп. Відавочцы на месцы казалі, што ўжо больш за 20 хвілін спрабуюць знайсьці гаспадароў машыны ў краме, што тэлефанавалі ў міліцыю і МНС. Сабака спачатку біўся на сядзеньні, потым зваліўся на падлогу, потым у з ягонага роту пайшла пена і пачаліся канвульсіі. Выратаваць яго не атрымалася. Біць акно чужой машыны ніхто не адважыўся.
Некалькі сьведак здарэньня даслалі зварот у пракуратуру. Яны патрабуюць прыцягнуць да адказнасьці ўсіх, чые дзеяньні і бязьдзейнасьць прывялі да пакутлівай сьмерці жывёлы.