Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына пракамэнтавала Свабодзе ініцыятыву Лібэральна-дэмакратычнай партыі «сумясьціць у 2018 годзе правядзеньне мясцовых выбараў з рэфэрэндумам і перайсьці на прапарцыйна-мажарытарную сыстэму, каб на выбарах былі і партыйныя сьпісы»:
правам прызначыць усенароднае апытаньне ў нас валодае толькі адзін чалавек — прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь
«Што тычыцца Цэнтравыбаркаму, то тэхнічных праблемаў з правядзеньнем рэфэрэндуму ня будзе. Тыя ж самыя выбарчыя камісіі, якія лічаць галасы на мясцовых выбарах, могуць падлічыць і вынікі рэфэрэндуму. Такі досьвед у нас ужо ёсьць — у 2004 годзе адначасова праводзілі парлямэнцкія выбары і рэфэрэндум.
Аднак правам прызначыць усенароднае апытаньне ў нас валодае толькі адзін чалавек — прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь. Таму, калі ЛДП хоча правесьці рэфэрэндум, то партыя павінна найперш зьвяртацца да кіраўніка дзяржавы.
У мяне ёсьць асабістае стаўленьне да гэтай праблемы. Я з насьцярожанасьцю стаўлюся да любой зьмяшанай сыстэмы. Сыстэма павінна, на маю думку, быць адна. Альбо мажарытарная, калі дэпутатаў абіраюць па акругах, як гэта робіцца цяпер. Альбо прапарцыйная — абраньне ўсіх, а ня толькі часткі дэпутатаў, як прапаноўвае ЛДП, выключна праз партыйныя сьпісы.
час пераходу на партыйную сыстэму выбараў яшчэ не насьпеў
Так, уплыў партый у нас слабы, аўтарытэт іх невысокі. Таму з гэтага пункту гледжаньня можна сказаць: час пераходу на партыйную сыстэму выбараў яшчэ не насьпеў. Але калі мы ня будзем стымуляваць разьвіцьцё партый праз прапарцыйную сыстэму выбараў, то гэты час ня прыйдзе ніколі».
Мясцовыя выбары ў Беларусі павінны прайсьці ў лютым 2018 году.