Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыеў прапанаваў прыняць закон аб амністыі беларускіх удзельнікаў баёў на Данбасе


Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў

Адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў расказаў у Facebook, што прапанаваў камісіі ў пытаньнях заканадаўства Палаты прадстаўнікоў і Генэральнаму пракурору Беларусі распрацаваць і прыняць закон пра амністыю для тых беларусаў, якія за апошнія гады зьехалі ваяваць ва Ўкраіну.

Дзьмітрыеў прапануе вылучыць тры месяцы, у якія беларусы змогуць вярнуцца дамоў і не панесьці крымінальную адказнасьць паводле артыкулу 133 «Наёмніцтва» — паводле яго тым, хто ваюе ня ў складзе ўзброеных сілаў дзяржавы без упаўнаважаньня дзяржавы на тое, пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі.

Але Дзьмітрыеў кажа Свабодзе, што не прапануе скасоўваць артыкул 133 назаўсёды:

«Крымінальная адказнасьць за наёмніцтва, я лічу, павінна быць, — кажа Дзьмітрыеў. — Але павінна быць і акцыя з боку дзяржавы — адчыніць дзьверы сваім хлопцам, каб яны маглі вярнуцца дамоў.

Мне здаецца, такая добрая воля — гэта правільны ўчынак, каб людзі маглі вярнуцца да мірнага жыцьця. Я ўпэўнены, што шмат хто з тых, хто туды паехаў пад узьдзеяньнем СМІ і ўсялякай прапаганды, разумее, што тое, што там адбываецца, ня мае з прапагандай ніякай сувязі, і гатовы скласьці зброю і вярнуцца дамоў. Але яны разумеюць, што іх тут чакае турма, а ў турму ніхто ня хоча. Я прапаную зрабіць так, каб мы выцягнулі сваіх з гэтай бойні».

Дзьмітрыеў гаворыць, што ня ведае дакладнай колькасьці беларусаў, якія ваююць ва Ўкраіне, але для такой краіны, як Беларусь, кожны беларус важны, ды й мы страцілі ўжо шмат людзей у розных войнах і канфліктах. Так, у Аўганістане ў час савецкай ваеннай кампаніі — 613 чалавек.

«Для мяне вельмі важна, што Беларусь — незалежная краіна, а незалежнасьць — гэта найперш права не ваяваць на чужых войнах», — разважае Дзьмітрыеў. Ён пагаджаецца з тым, што будуць людзі, якія не захочуць вяртацца, бо ехалі менавіта каб ваяваць, але прапануе даць шанец тым, хто памыліўся, і не караць іх за тое.

Колькі беларусаў ваюе ва Ўкраіне, ня кажуць і беларускія спэцслужбы. Больш за год таму міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч казаў толькі, што ў сьледчыя органы перададзена 28 справаў, якія тычацца прыкладна 130 беларусаў, якія бяруць удзел ва ўкраінскім канфлікце. Паводле яго, на той момант на кожнага беларуса, якія ваюе на баку Ўкраіны, было тры беларусы, якія ваююць у шэрагах непрызнаных «ДНР» і «ЛНР».

Паводле Дзьмітрыева, «ваяваць» за Беларусь трэба дома: ствараць сям’ю, працаваць, мяняць сьвет вакол сябе і дамагацца пераменаў у краіне. У тэксьце звароту, як і ў посьце на Facebook, Дзьмітрыеў не падзяляе беларусаў на тых, хто ваюе за Ўкраіну, і тых, хто ваюе за так званыя «ДНР» і «ЛНР».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG