Дакумэнт апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Фактычна гэта азначае, што дзяржава бярэ на сябе фінансавыя абавязаньні суб’ектаў гаспадараньня — аграхолдынгаў, камбікормавых заводаў, хлебакамбінатаў ды іншых — якія ня ў стане разьлічыцца з крэдытнымі ўстановамі.
Вызначаецца, што ўнясеньне арганізацыямі запазычанасьцяў на пагашэньне плацяжоў, атрыманых са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, а таксама працэнтаў і пеняў, будзе ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці з графікамі, узгодненымі зь Міністэрствам фінансаў.
Пры недастатковасьцi ўласных сродкаў з дапамогай дзяржаўнага бюджэту ў першую чаргу будзе пагашацца сума асноўнага доўгу, у другую — працэнты, у трэцюю — пені. Пры ўнясеньні сумаў запазычанасьці ня ўлічваюцца патрабаваньні, вызначаныя парадкам прадстаўленьня гарантыяў урадам па крэдытах, што выдаюцца банкамі.
Называюцца некаторыя суб’екты гаспадараньня, якія атрымаюць фінансавыя палёгкі. Сярод іх Вілейскі і Клецкі камбікормавыя заводы, Маладэчанскі і Слуцкі камбінаты хлебапрадуктаў ды іншыя. Ім бюджэтныя пазыкі, якія ўтварыліся на 1 красавіка, будуць пагашацца на працягу 60 месяцаў роўнымі долямі. Працэнты па адтэрмінаваных пазыках, як і па сумах пеняў, не налічваюцца і не спаганяюцца.
Выкананьне палажэньняў указу ўскладаецца на Савет міністраў і Камітэт дзяржаўнага кантролю.
Датацыйная палітыка
Беларуская дзяржава стала падтрымлівае стратныя прадпрыемствы АПК, гэта сталася дзяржаўнай палітыкай, кажа эканаміст Міхаіл Залескі.
Ён лічыць, што падтрымка прадпрыемстваў, якія займаюцца вытворчасьцю з сучасным мэнэджмэнтам — крок правільны. Аднак гэта не азначае, што ў дадзеным выпадку адпаведным чынам адкажа рынак:
«Мой падыход вельмі просты, капіталістычны — як гэта робяць у Эўропе, як робяць у Злучаных Штатах. То бок даюць дзяржаўную дапамогу тым арганізацыям — ці ў лёгкай прамысловасьці, ці ў сельскай гаспадарцы — якія на фоне астатніх выглядаюць лепей. У каго лепшы мэнэджмэнт, у каго ёсьць магчымасьць кіраваць грашыма, абсталяваньнем, людзьмі.
Таму калі разважаць з макраэканамічных пазыцыяў, то трэба даваць грошы таму, у каго хоць нешта атрымліваецца. Але пытаньне зусім іншага парадку — што будзе з рынкам, што будзе з грашыма?
Ёсьць наступны ўзровень — Міністэрства фінансаў, Нацыянальны банк, якія робяць надвор’е ў эканамічнай палітыцы. У дадзеным выпадку лёгіка зусім нярынкавая: даць грошы беспэрспэктыўнаму прадпрыемству толькі дзеля таго, каб яно не ляжала».