Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі зьехаў на Данбас


Маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі, 15 красавіка
Маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі, 15 красавіка

Актывіст «Маладога фронту» Сяргей Пальчэўскі зьехаў на Данбас і далучыўся да шэрагаў украінскіх добраахвотнікаў, якія супрацьстаяць узброеным фармаваньням сэпаратыстаў.

Падрабязнасьці ён расказаў тэлеканалу «Белсат».

«Я зьехаў ва Ўкраіну неўзабаве пасьля таго, як раскрыў факт падпісаньня паперы аб супрацы з КДБ. Зразумеў, што працягваць сваю дзейнасьць на радзіме больш не змагу. Не дадуць. Усё адно знойдуць, за што пасадзіць. Мяне пагражалі прыцягнуць да адказнасьці за ДТЗ, якое здарылася нібыта з маёй віны. Я зьвязаўся з пацярпелымі, і яны запатрабавалі неймаверныя грошы, каб залагодзіць праблему — 10 тысяч даляраў. Нават праз суд такую кампэнсацыю ніколі б не прызначылі! Мяркую, не без удзелу КДБ пацярпелыя прыдумалі такую суму», — кажа Сяргей Пальчэўскі.

Пра намер паехаць на ўсход Украіны Сяргей Пальчэўскі не паведаміў ні сямʼі, ні паплечнікам па «Маладым фронце». Канкрэтную назву добраахвотніцкага падразьдзяленьня і яго дысьлякацыю ён таксама не афішуе:

«Пэўны час я проста жыў ва Ўкраіне, а паўтара тыдня таму прыехаў на Данбас. Тут усё — адна суцэльная перадавая лінія, увесь час страляюць. Навучаньне пачаў праходзіць адразу на месцы. Мяне вучаць карыстацца супрацьтанкавым гранатамётам СПГ-9».

Сяргей Пальчэўскі ўпэўнены: гаворкі пра вяртаньне ў Беларусь ня можа быць, пакуль краінай кіруе цяперашняя ўлада:

«Я ўсьведамляю, што ў Беларусь дарогі няма. Ну дык я і не зьбіраюся вяртацца, пакуль там Лукашэнка. Калі вяртацца — то на танку. Можа, так і давядзецца. Тым часам тут я набяруся досьведу, навучуся, як бараніць краіну. Гэтыя веды могуць спатрэбіцца мне ў будучыні».

30-гадовы Сяргей Пальчэўскі — актыўны ўдзельнік вулічных акцый. Сёлета ў лютым «Малады фронт» на чале са Зьмітром Дашкевічам разгарнуў лягер на месцы заплянаванай будоўлі па вуліцы Мірашнічэнкі ў Менску. Будаваць офісны цэнтар зьбіраліся пры самым месцы пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Пасьля двухтыднёвага супрацьстаяньня забудоўшчык адмовіўся ад сваіх плянаў. Падчас вахты Пальчэўскі на знак пратэсту прыкаваў сябе кайданкамі да грузавіка.

Напярэдадні Дня Волі Сяргей Пальчэўскі быў прэвэнтыўна затрыманы і зьмешчаны пад варту ў СІЗА КДБ паводле абвінавачаньня ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. У сярэдзіне красавіка ён выйшаў на свабоду і неўзабаве прызнаўся, што падпісаў паперу аб супрацы са спэцслужбамі. На пачатку чэрвеня КДБ спыніў крымінальную справу ў дачыненьні да Пальчэўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG