Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка разгледзіць прапановы прадпрымальнікаў наконт лібэралізацыі бізнэсу


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Пасьля шэрагу пераносаў Аляксандар Лукашэнка заплянаваў на 8 жніўня разгляд пакету законапраектаў па паляпшэньні ўмоваў прадпрымальніцтва ў Беларусі, распавёў на Facebook старшыня каардынацыйнай рады Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Ўладзімер Карагін.

Карагін распавядае, што праца зацягнулася праз надта вялікі яе аб’ём — давялося пераглядзець больш за дзьве тысячы законапраектаў. Працоўная група з чыноўнікаў і прадпрымальнікаў была скліканая яшчэ 13 студзеня, праекты выносіліся ў тым ліку на грамадзкае абмеркаваньне і публікаваліся на сайтах дзяржаўных установаў, у траўні Лукашэнка разгледзеў прапановы і адправіў іх на дапрацоўку.

Як Лукашэнку рыхтавалі «рэвалюцыйны» дэкрэт аб лібэралізацыі бізнэсу

Паводле Карагіна, бізнэс-прафсаюзы зьвярталі ўвагу на ігнараваньне або прымітывізацыю многіх іхных прапановаў, настойвалі на дэкрыміналізацыі гаспадарчай дзейнасьці, спрашчэньні рэгулятыўных нормаў і зьмяншэньні штрафаў. У час абмеркаваньняў адбылася і «адкрытая канфрантацыя прадпрымальніцкай супольнасьці зь фіскальным блёкам дзяржорганаў, які не хацеў ісьці на саступкі і памылкова разумеў дзяржаўныя інтарэсы», піша Карагін. Адначасова з тым быў падрыхтаваны праект дырэктывы па Парку высокіх тэхналёгіяў, адзначае ён.

Акрамя таго, Лукашэнку прапаноўвалі прызначыць амбудсмэна па правах прадпрымальнікаў (як варыянт прапаноўваўся старшыня Савету па разьвіцьці прадпрымальніцтва Пятро Пракаповіч), але Лукашэнка «ня хоча», сьцьвярджае Карагін.

Раней Лукашэнка называў слова амбудсмэн «мацерным».

«Нават калі зараз нешта будзе прынята, трэба будзе ў найбліжэйшы час браць удзел у складаньні ўрадам плянаў па рэалізацыі кожнага дакумэнту, дарожных мапаў і іншага, — адзначае Карагін. — Мае быць калясальная праца для ўкараненьня нормаў заканадаўства, а затым у першыя месяцы — маніторынг праваўжывальнай практыкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG