Пераможца міжнароднага конкурсу «Эўравізія-2016», украінская сьпявачка Джамала пацьвердзіла ўдзел у музычным фэсьце Mirum Music Festival. Імпрэза адбудзецца 19 жніўня ля муроў Мірскага замку.
Гэта будзе першы выступ Джамалы ў Беларусі. Сусана Джамаладынава па нацыянальнасьці крымская татарка. Яна набыла эўрапейскую вядомасьць дзякуючы сваёй патрыятычнай песьні «1944», у якой расказваецца пра трагічны лёс крымскіх татараў — іх масавую дэпартацыю савецкай уладай у 1944 годзе.
Расейскія палітыкі і журналісты абвінавацілі Джамалу ў «русафобіі», а тэлеканал «Звезда» нават сьцьвярджаў, што «сумнеўны твор праплацілі Пэнтагон і ЦРУ».
Паводле арганізатараў, сёлета фармат Мірскага фэсту зьменіцца з трохдзённага на аднадзённы. Джамала выступіць у якасьці гэдляйнэркі. У яе творчасьці пераплеценыя элемэнты розных стыляў — соўл, джаз, электронная і народная музыка.
Па-беларуску песьню Джамалы «1944» перасьпяваў сёлетні ўдзельнік «Эўравізіі-2017» ад Беларусі дуэт Naviband.