Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс сустрэўся сёньня ў Таліне з прэзыдэнтамі Эстоніі, Латвіі і Літвы і яшчэ раз запэўніў іх, што ЗША астаюцца вернымі Артыкулу 5 Статуту NATO, які гаворыць аб узаемнай абароне і тым, што напад на аднаго з удзельнікаў альянсу зьяўляецца нападам на ўвесь альянс.
У цэнтры ўвагі перамоваў Пэнса ў Таліне былі пытаньні супрацоўніцтва ў сфэры абароны. Пэнс заявіў, што ЗША не зьбіраюцца мяняць свае зьнешнепалітычныя прыярытэты на фоне дзеяньняў Масквы. Паводле словаў віцэ-прэзыдэнта, ЗША адпрэчваюць «любыя спробы выкарыстаць сілу, пагрозы і запалохваньне краінаў Балтыі».
На перамовах з прэм’ер-міністрам Эстоніі Юры Патасам Пэнс абмеркаваў магчымасьць разьмяшчэньня ў краіне на пастаяннай аснове амэрыканскіх сыстэмаў супрацьпаветранай абароны Patriot. Мабільныя ўстаноўкі Patriot наземнага базіравання прызначаныя для перахопу ракет і ваенных самалётаў. Пра тое, калі канкрэтна гэтыя сыстэмы паступяць у Эстонію, пакуль не паведамляецца.