Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парнаграфія: Ад чаго нас абараняюць


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Жыхара Магілёва асудзілі за зьмешчаныя ў сацыяльнай сетцы сем гадоў таму відэа «з элемэнтамі парнаграфіі». Па зразумелых прычынах доступу да гэтых відэа ў мяне няма, і таму разважаць пра нюансы канкрэтных ролікаў не даводзіцца. Але міжволі згадваецца іншая гісторыя, у якой жыхарку Гародні прызналі вінаватай у распаўсюдзе парнаграфіі, бо яна захавала адзін фатаздымак у сацыяльнай сетцы «УКантакце». Тая гісторыя шмат абмяркоўвалася, бо было не зусім зразумела, дзе ж знайшлі парнаграфію.

У гэтым, па вялікім рахунку, і ёсьць галоўная праблема беларускага антыпарнаграфічнага заканадаўства: у нас адсутнічае аб’ектыўная сыстэма ацэнкі, што ёсьць парнаграфія і чым яна адрозьніваецца ад эротыкі.

Тут экспэртыза — гэта вялізная прастора для фантазій і апісаньня ўласных эмоцый.

Каб ацаніць у кожным канкрэтным выпадку, ці зьяўляецца матэрыял парнаграфічным, яго даюць на разгляд экспэртцы ці экспэрту. І калі звычайна экспэртызы ў крымінальных справах — гэта жорстка рэглямэнтаваныя працэдуры, у якіх няма месца суб’ектыўным заўвагам, у выпадку з парнаграфіяй усё інакш. Тут экспэртыза — гэта вялізная прастора для фантазій і апісаньня ўласных эмоцый.

Вось некалькі цытат з экспэртнай высновы: «... вульгарна-натуралістычнай, мярзотна-цынічнай, непрыстойнай фіксацыяй палавых зносін», «дэманстрацыя пераважна аголеных геніталій, антыэстэтычных сцэн палавога акту, сэксуальных вычварэнстваў, якія не адпавядаюць маральным крытэрыям, абражаюць гонар і годнасьць асобы, ставячы яе на ўзровень праявы жывёльных інстынктаў». І гэта ўсё — пра фатаздымак, на якім людзі займаюцца сэксам у акрабатычнай позе.

Раптам акажацца, што не схаваныя на фота лабковыя валасы таксама абражаюць гонар і годнасьць асобы.

Немагчыма загадзя ведаць пра эстэтычныя перакананьні чарговай экспэртнай камісіі і, такім чынам, вельмі проста парушыць антыпарнаграфічны закон, ня маючы пры гэтым нічога агульнага з сапраўднай парнаграфіяй. І пакуль мы сьмяемся з таго, як у мусульманскіх краінах дызайнэры дамалёўваюць вопратку на постэрах музыкаў, каб яны выглядалі «прыстойна», у Беларусі ў 2017 годзе страшна пакінуць камэнтар ці нават паставіць лайк пад эратычным фатаздымкам. Бо раптам акажацца, што не схаваныя на фота лабковыя валасы таксама абражаюць гонар і годнасьць асобы.

Антыпарнаграфічныя законы перадусім мусяць абараняць дарослых і дзяцей ад эксплюатацыі. Але часам зьяўляецца адчуваньне, што гэтыя законы ў Беларусі працуюць проста для таго, каб апраўдваць сваё існаваньне. Прысуды дзеля прысудаў, статыстыка дзеля статыстыкі.

Сам па сабе закон па супрацьдзеяньні распаўсюду парнаграфіі вельмі важны. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, каля 80 дзяцей былі ўцягнутыя ў выраб парнаграфіі ў Беларусі ў 2005-2016 гадах. Некалькі тыдняў таму ў Менску прайшоў сэмінар, на якім беларускія сьледчыя разам з міжнароднымі экспэртамі абмеркавалі розныя аспэкты абароны дзяцей ад гвалту ў інтэрнэце.

Рэальная абарона рэальных людзей — вось у чым мае быць сэнс антыпарнаграфічнага заканадаўства.

Рэальная абарона рэальных людзей — вось у чым мае быць сэнс антыпарнаграфічнага заканадаўства. І чым больш мы будзем бачыць сапраўдных вынікаў — гучных справаў супраць тых, хто заклікае дзяцей разьдзявацца перад камэрай, пакараньняў тых, хто бяз запыту дасылае свае аголеныя здымкі, — тым больш мы будзем давяраць сыстэме. А пакуль можна трапіць за краты за разьмяшчэньне свайго эратычнага фота на закрытым сайце знаёмстваў, неяк цяжка паверыць у правільнасьць прымяненьня закона, скіраванага на барацьбу з парнаграфіяй.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG