Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 21 тысячы абвінавачаных суды Беларусі апраўдалі 36 чалавек


«Беларускія суды запраграмаваныя караць», — лічыць праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

За першае паўгодзьдзе 2017 году ў беларускіх судах асуджана 21 326 чалавек, апраўдана 36 чалавек. Такія лічбы апублікаваныя на сайце Вярхоўнага Суду Беларусі

Самы распаўсюджаны від пакараньня — пазбаўленьне волі. У калёніі за першае паўгодзьдзе гэтага году для адбыцьця пакараньня адправілі 6 335 чалавек.

Абмежаваньне волі прызначанае 3 915 асуджаным, зь іх так званую «хімію» атрымалі 1293 чалавекі, «хатнюю хімію» — 2 622.

Папраўчыя работы прысудзілі 902 парушальнікам, арышт — 3480, штраф — 2443, грамадзкія работы — 2412, пазбаўленьне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасьцю — 125.

Калі зыходзіць з агульнай колькасьці, доля апраўдальных прысудаў склала 0,1688%.

«На думку кіраўніцтва Вярхоўнага Суду, гэта сьведчыць пра якасьць працы судоў першай інстанцыі — яны самі неаднаразова пра гэта заяўлялі, — сказаў Свабодзе праваабаронца Валянцін Стэфановіч. — Калі ж цікавіць наша меркаваньне, нізкі працэнт апраўдальных прысудаў сьведчыць пра тое, што ёсьць пэўныя праблемы з судовай уладай у краіне. Паколькі гаворка пра зусім мізэрную колькасьць — меней за 1% апраўдальных выракаў — гэта азначае, што суды ў нас маюць выразна абвінаваўчы ўхіл».

Валянцін Стэфоновіч
Валянцін Стэфоновіч

Паводле Валянціна Стэфановіча, падобная тэндэнцыя ў беларускай судовай сыстэме не зьмяняецца ўжо працяглы час:

«Сытуацыя не мяняецца ня тое што гадамі, а дзесяцігодзьдзямі. Гэты працэнт застаецца фактычна нязьменным: плюс-мінус нейкая хібнасьць, але радыкальна нічога не карэктуецца вельмі працяглы час. Што ня можа не турбаваць».

Згодна са зьвесткамі Вярхоўнага Суду, па выніках першага паўгодзьдзя 2017-га больш за ўсё асуджаных за злачынствы супраць уласнасьці (8 217 чалавек), супраць жыцьця і здароўя (1 332), а таксама за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі (1568).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG