Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску новае графіці, сугучнае таму, за якое ўжо судзілі


Графіці на трансфарматарнай падстанцыі, прысьвечанае віцебскай мастацкай суполцы «УНОВИС» («Утвердители Нового Искусства»), стварае выпускніца тэхналягічнага ўнівэрсытэту Ірына Бараган.

Яна стала пераможцай адмысловага конкурсу, які праводзіўся кампаніяй «Экапраект», Віцебскім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэтам і Віцебскім цэнтрам сучаснага мастацтва. Адной з умоваў конкурсу было, што графіці мае быць разьмешчаным менавіта на гэтай пляцоўцы.

На сьцяне падстанцыі — чорны квадрат, відавочная алюзія да знакамітага твору Казіміра Малевіча. На чорным квадраце — выява клеткі, зь якой «вылятаюць» квадрацікі з крылцамі. Паводле задумы аўтаркі, гэта сымбалізуе распаўсюд ідэяў мастацкай суполкі 1920-х гадоў, якія не губляюць папулярнасьці і разьлятаюцца па ўсім сьвеце.


Але многія віцябляне пазнаюць у гэтым малюнку матывы іншага графіці, якое стала прычынай шэрагу судовых працэсаў над віцебскімі незалежнымі журналістамі і актывістамі. У лістападзе 2014 група зь сямі чалавек сфатаграфавалася на тле малюнка, які вулічны мастак УРА зрабіў на будынку па вуліцы Ільлінскага. На малюнку таксама былі клеткі, зь якіх «выляталі» птушкі, нібыта зробленыя з газэты. Журналісты сфатаграфаваліся на фоне малюнка, бо лічылі яго ўвасабленьнем вольнай прэсы. Віцебская міліцыя расцаніла гэта як несанкцыянаваную акцыю, і ўсе ўдзельнікі фотасэсіі былі пакараныя штрафамі і нават «суткамі».

У кастрычніку 2015-га году, якраз напярэдадні сусьветнай кампаніі салідарнасьці «Станем за журналістыку», графіці на будынку зафарбавалі. Прычым службы ЖКГ атрымалі распараджэньне непасрэдна з аблвыканкаму.

Цяпер у горадзе ствараецца малюнак з падобнай ідэяй. Ці не палічаць і яго «крамольным»?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG