Сын лідэра талібаў мулы Хайбатулы Ахундзада загінуў 20 ліпеня, зьдзейсьніўшы напад як сьмяротнік на поўдні Аўганістану. Пра гэта паведаміў 22 ліпеня афіцыйны прадстаўнік талібаў.
23-гадовы Абдур Рахман, таксама вядомы як Хафіз Халід, загінуў раніцай у аўторак, 20 ліпеня, калі накіраваў аўтамабіль, напоўнены выбухоўкай, на базу аўганскіх сілаў бясьпекі ў раёне Герэш. У той жа дзень у час цяжкіх баёў у раёне Герэш талібы ўрэзаліся ў кантрольна-прапускныя пункты на трох захопленых аўтамабілях-пазадарожніках.
Мула Хайбатула стаў лідэрам талібаў пасьля гібелі яго папярэдніка мулы Ахтара Махамада Мансура ў выніку паветранага ўдару ЗША ў траўні 2016 года ў Пакістане. Прадстаўнікі аўганскіх уладаў паведамілі, што расьсьледуюць інцыдэнт і ня могуць пацьвердзіць, што сын Хайбатулы быў забіты.
Талібы кантралююць каля 80 адсоткаў правінцыі Гільменд, дзе знаходзяцца тысячы гектараў макавых плянтацыяў, дзякуючы якім талібы зарабляюць сотні мільёнаў даляраў ад вытворчасьці опіюму і гераіну.