Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«О, грудзі!» У чым ніколі не папракнуць мужчынскі пэрформанс


Актывістка ўкраінскага руху Femen правяла сёньня акцыю на цырымоніі падпісаньня дамоваў паміж Беларусьсю і Украінай.

Яна выбегла паўаголеная з крыкамі «Жыве Беларусь!» і «Стоп дыктатуры!». Як гэта звычайна і бывае, пэрфоманс атрымаў вялікі розгалас. З адной рэмаркай: усім пляваць на палітычнае выказваньне. У цэнтры абмеркаваньня — грудзі.

Ну а пра што яшчэ можна размаўляць пасьля таго, як убачылі жанчыну з аголенымі грудзямі? Тут ужо не да палітычных праблем у Беларусі, і тым больш не да вайны ва Ўкраіне. Грудзі! Мы ўбачылі грудзі! Калі расейскі мастак Пётр Паўленскі прыбіў свае геніталіі да зямлі на Чырвонай плошчы, абмяркоўвалі этычнасьць учынку і ўласна палітычнае выказваньне. Не было насьмешак, нібыта яйцы — гэта адзінае, чым ён можа пахваліцца, не было «сальных» камэнтароў, не было ацэнак прыгажосьці палавых ворганаў. Бо калі мужчына прадметам палітычнага пэрфомансу робіць сваё цела — гэта высакародна, сьмела і заслугоўвае павагі. Ён тады сапраўдны мужык, якому не пляваць на краіну. А калі штосьці падобнае робіць жанчына — гэта «о, грудзі!!!», «давайце яшчэ, што ж так слаба!», «а працяг будзе?», «ёй бы падкачацца, канечне...».

Калі сёньня актывістку з залі вывела аховы, Лукашэнка ўсьміхаўся так шчыра і радасна, нібыта вось яно — шчасьце — было так блізка... Тое, што гэтая паўаголеная мае да яго толькі нэгатыўныя пачуцьці, нібыта ня мае аніякага значэньня. Штосьці крычала? Чагосьці хацела? Ай, якая розьніца! Гэта ж грудзі!

Там, дзе выразна зьявіліся жаночыя грудзі, не застаецца іншых тэмаў для размовы. Хтосьці любіць вялікія, хтосьці — маленькія, адны лічаць акцыю топлес верхам непрыстойнасьці, іншыя — што гэта самыя правільныя палітычныя акцыі ў сьвеце. І ўсе лічаць неабходным падзяліцца сваімі ўражаньнямі. У ідэале, трэба даць уладарніцы грудзей некалькі няпрошаных парадаў. Гэта ж акурат тое, навошта ладзяцца акцыі Femen! Каб кожны ананім меў магчымасьць выказацца, што думае пра грудзі актывістак.

Грудзі займаюць усю інфармацыйную прастору, нават калі яны нулявога памеру. Бо справа ж не ў памеры. Справа ў тым, што жаночае цела па-ранейшаму ўспрымаецца як аб’ект асалоды, і хай акцыя будзе загадзя ідэальна прадумана, хай яна будзе адсылаць да сапраўды істотных праблем, зьвярнуць увагу ўсё адно толькі на грудзі. Пры гэтым у адсутнасьці мазгоў абвінавацяць паўаголеных жанчын, а ня тых, хто нават не спрабуе ўбачыць палітычны сэнс гэтай аголенасьці.

Шырокай публікай акцыі Femen успрымаюцца як эратычная забаўка. Іх адмаўляюцца ўспрымаць сур’ёзна і імгненна забываюцца пра зьмест пэрфоманса. Якая дыктатура? Якая вайна? Тут жа грудзі!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG