Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі міністар абароны: Вучэньні «Захад-2017» могуць быць выкарыстаныя, каб пачаць агрэсію


Міністар абароны Ўкраіны Сьцяпан Палтарак.
Міністар абароны Ўкраіны Сьцяпан Палтарак.

Наконт вучэньняў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» выказаўся міністар абароны Ўкраіны Сьцяпан Палтарак.

«Украіна і сьвет маюць агульнае бачаньне магчымых пэрспэктыў правядзеньня вучэньняў УС РФ. Будучыя вучэньні „Захад-2017“ зьяўляюцца надзвычай магутнымі. Яны могуць быць выкарыстаныя, каб пачаць агрэсію ня толькі супраць Украіны, але і супраць любой іншай краіны Эўропы, якая мае агульную мяжу з Расеяй», — заявіў Сьцяпан Палтарак.

«Мы будзем адэкватна рэагаваць на правядзеньне вучэньняў», — падкрэсьліў міністар.

Пра вучэньні «Захад-2017» выказаўся таксама амбасадар Польшчы ў ЗША Пётар Вільчэк падчас выступу на Асьпенаўскім форуме пра бясьпеку ў ЗША.

«Празь няхватку празрыстасьці мы няшмат ведаем пра вучэньні. Гэта небясьпека найперш для Ўкраіны, але таксама і для іншых краінаў. Гэта патэнцыйная пагроза. Я не кажу, што нешта адбудзецца, нейкая атака ці правакацыя супраць чальцоў NATO. Але, тым не менш, ёсьць атмасфэра страху і няпэўнасьці, асабліва зьвязаная з вучэньнямі «Захад», — цытуе «РИА Новости» амбасадара Пятра Вільчэка.

Сумесныя стратэгічныя вучэньні ўзброеных сіл Беларусі і Расеі пройдуць у верасьні 2017 году.

Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў, што да ўдзелу ў вучэньнях плянуецца далучыць каля 12 700 вайскоўцаў і каля 680 адзінак баявой тэхнікі. У Беларусі яны пройдуць на шасьці палігонах. Беларусь плянуе запрасіць 80 міжнародных назіральнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG