У Воршы прайшла прэзэнтацыя ўнікальнай кнігі, стваральнікам якой стаў Віктар Андрэеў — адзін зь лідэраў рабочага руху пачатку 1990-х, рэдактар незалежнай газэты «Куцейна», зачыненай за крытыку мясцовых уладаў, заснавальнік мясцовага інтэрнэт-рэсурсу orshatut.by.
«Не пра генэралаў, а пра салдат», — так вызначае аўтар свой падыход:
«Калі мы чытаем нейкі падручнік па гісторыі, то бачым аповеды пра тых, хто меў пасады, хто аддаваў загады... А пра салдат ніхто не згадвае. Таму мне хацелася сабраць зьвесткі пра шараговых аршанцаў, якія ў невялікім горадзе рабілі вялікія справы. Прычым у той час, калі большасьць клапацілася пра тое, што паесьці і як увогуле выжыць. А гэтыя людзі яшчэ й нешта рабілі! І зрабілі! І дзякуючы ім Ворша сёньня мае, да прыкладу, каштоўныя помнікі архітэктуры, абароненыя ад зьнішчэньня ўдзельнікамі клюбу гісторыі і даўніны «Повязь».
«Аршанская кроніка 1986-2001» — гэта гісторыя дэмакратыі найноўшага часу, калі на «баку неабыякавай грамадзкасьці была мясцовая дзяржаўная прэса, вялікую вагу меў БНФ, незалежны прафсаюз, да „апазыцыі“ прыходзілі раяцца дэпутаты, бо ў грамадзкай думкі была вельмі вялікая вага аўтарытэту», — піша Віктар Андрэеў. Паводле яго, дэмакратыя не бывае «мясцовага значэньня», яе героі і ўрокі заўсёды актуальныя.
Кнігу з 250-ці старонак, напісаную ў выглядзе кронікі падзеяй, аўтар выдаў за ўласныя сродкі. Кніга мае стаць неўзабаве даступнай на сайце http://orshatut.by/.