Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўка рэфінансаваньня зьнізілася да 12%, улады вераць у лепшае


Нацыянальны банк Беларусі зьнізіў ад 19 ліпеня стаўку рэфінансаваньня да 12% гадавых. Стаўкі ў пастаянна даступных і двухбаковых апэрацыях падтрымкі ліквіднасьці банкаў адпаведна зьнізяцца з 15% да 14%.

Стаўка рэфінансаваньня яшчэ ў пачатку 2017 году была роўнай 18%, але зьніжалася штомесяц на 1%. Стаўка вызначае, пад які адсотак Нацбанк пазычае грошы крэдытным установам. Гэта інструмэнт грашова-крэдытнага рэгуляваньня, з дапамогай якога галоўны банк краіны ўзьдзейнічае на стаўкі міжбанкаўскага рынку. У «пасьлякрызісны» 2011 год стаўка рэфінансаваньня дасягала 45%, у 2000-ы — 175%, а пад канец 1994-га — аж 480%. Самай нізкай яна была ў канцы 2006-га — пачатку 2007 году, усяго 10%.

Нацбанк тлумачыць зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня станоўчымі тэндэнцыямі ў эканоміцы, запавольваньнем інфляцыйных чаканьняў, устойлівасьцю валютнага рынку і іншымі тэндэнцыямі.

Міністар эканомікі Беларусі з аптымізмам кажа аб прагнозах на 2017 год: верыць, што валавы ўнутраны прадукт вырасьце на 1,7% і што інфляцыю атрымаецца зьбіць да 5%. Пры гэтым беларуская эканоміка расьце насуперак замежным прагнозам — незалежныя эканамісты кажуць, што рост мае аднаўленчы характар пасьля папярэдняга значна большага падзеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG