Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада Ўкраіны накіравала ў МЗС Беларусі ноту ў сувязі з анонсам расейскага фільму «Крым»


Кадар з трэйлеру фільма «Крым. С любимыми не расставайтесь»
Кадар з трэйлеру фільма «Крым. С любимыми не расставайтесь»

Амбасада Ўкраіны ў Беларусі пратэстуе супраць магчымага паказу ў беларускіх кінатэатрах расейскага прапагандысцкага фільму «Крым. С любимыми не расставайтесь». У Міністэрства замежных спраў накіраваная адпаведная нота ў сувязі з дэманстрацыяй у беларускіх кінатэатрах трэйлеру гэтага фільму.

У трэйлеры, якія пачалі круціць у менскіх кінатэатрах, гаворыцца, што драма «заснаваная на рэальных падзеях» на фоне «вяртаньня» паўвострава «ў родную гавань». Прэм’ера заплянаваная на сярэдзіну жніўня, стужка зьнятая на сродкі расейскага ўрадавага «Фонду кіно» рэжысэрам і тэлевядоўцам Аляксеем Піманавым.

Тым часам першы намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства «Кінавідэапракат» Андрэй Разжавайкін у камэнтары для Свабоды запэўніў, што «Крым» на вялікіх экранах дэманстравацца ня будзе:

«Магу запэўніць, што ў нас гэты фільм да паказу ў кінатэатрах не плянаваўся. Наколькі ведаю, там прэм’ера перанесена са жніўня на верасень, але ў любым выпадку мы ня можам паказваць усе кінастужкі, якія выходзяць у Расейскай Фэдэрацыі. Яшчэ раз паўтараю: у нас „Крым“ да паказу не меркаваўся, яго не было нават у пэрспэктыўных плянах. І ня будзе...»

У сюжэт фільму «Крым. С любимыми не расставайтесь» пакладзеная гісторыя каханьня падчас анэксіі Крыму вясной 2014 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG