Журналістка з Азэрбайджану Нарміна Аґасі, стваральніца лайфстайл-выданьня Passage World, падчас «Кангрэсу рускай прэсы» 12 ліпеня ў Менску зрабіла фота з Аляксандрам Лукашэнкам. На наступны дзень, 13 ліпеня, фота зьявілася ў перадавым артыкуле выданьня адміністрацыі Лукашэнкі «Советская Белоруссия».
Увечары 13 ліпеня Аґасі напісала на Facebook, што ёй пагражалі, але не ўдакладніла, хто:
«Маё ўчорашняе сэлфі з прэзыдэнтам Беларусі, паважаным спадаром Лукашэнкам выклікала непадробны ажыятаж у коле калегаў-журналістаў, якія сабраліся на XIX Усясьветны кангрэс рускай прэсы, пасьля чаго я ня спала ўсю ноч, — піша Аґасі. — У мой адрас пасыпаліся папрокі і пагрозы... Чаго я толькі не пачула ў свой адрас у той дзень. Не хачу згадваць імёны „герояў п’есы“ і іхныя рэплікі...
І толькі раніцай, атрымаўшы на рукі газэту „СБ. Беларусь сегодня“, дзе на перадавіцы разьмешчанае маё буйное фота падчас сэлфі з прэзыдэнтам, я яшчэ раз пераканалася ў слушнасьці сваіх дзеяньняў і ўчынкаў».
Свабода спрабуе зьвязацца з самой Аґасі, каб высьветліць, хто ёй пагражаў.
Само сэлфі з Лукашэнкам Аґасі не публікавала. У інтэрнэце наогул амаль не публікаваліся сэлфі з Лукашэнкам. Першае ў гісторыі апублікавала 6 ліпеня 2017 году карыстальніца Instagram Вікторыя Рачыцкая-Кэрылет — дачка беларускага бізнэсоўца, якая нарадзілася ў Магілёве і жыве ў Вене, а ў Менск прылятала ў складзе дэлегацыі Аўстрыі на сэсію ПА АБСЭ. На наступны дзень на пэўны час закрыла свой профіль, але затым зноў адкрыла, калі СМІ паведамілі, што яна нібыта выдаліла здымак.