У Беларусь з трохдзённым візытам наведаецца міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс. Пра гэта паведамляе сайт МЗС Беларусі.
Цягам 18–20 ліпеня ў яго заплянаваныя сустрэчы зь беларускім калегам Уладзімерам Макеем, а таксама ва ўрадзе і ў Міністэрстве эканомікі. Сярод іншага бакі абмяркуюць пэрспэктывы ўзаемадзеяньня паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.
Акрамя таго, у той жа час адбудзецца сумесны візыт у Беларусь дырэктаркі дэпартамэнту кантынэнтальнай Эўропы МЗС Францыі Фляранс Манжэн і ўпаўнаважанага МЗС Нямеччыны па краінах Усходняй Эўропы, Каўказу і Цэнтральнай Азіі Андрэаса Пешке. Дэлегацыю прыме намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка.
Падчас сустрэчы плянуецца абмеркаваць далейшую інтэнсыфікацыю ўзаемадзеяньняў па лініі Беларусь — Эўразьвяз, разьвіцьцё сытуацыі ў рэгіёне, пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі з Францыяй і Нямеччынай. Праграмай прадугледжаныя сустрэчы ў прэзыдэнцкай адміністрацыі і Нацыянальным сходзе Беларусі.