Беларуская АЭС плянуе напрыканцы ліпеня падаць у Дзяржатамнагляд дакумэнты, каб атрымаць ліцэнзію на эксплюатацыю першага энэргаблёку.
Пра гэта сказала сёньня журналістам намесьнік начальніка Дзяржатамнагляду Зоя Трафімчык.
На экспэртызу дакумэнтаў адводзіцца год.
Перад выдачай ліцэнзіі ўлады абяцаюць правесьці публічныя слуханьні згодна з нарматыўным актам, які будзе гатовы напрыканцы году.
«Правядзеньне такіх слуханьняў зьяўляецца патрабаваньнем МАГАТЭ, і мы яго зьбіраемся выканаць у поўнай меры. Але ў першую чаргу мы робім гэта для насельніцтва сваёй краіны», — цытуе БелТА прадстаўніцу Дзяржатамнагляду.
Месца правядзеньня слуханьняў пакуль ня вызначана. Гэта можа быць Менск, Горадня ці Астравец. Паводле чыноўніцы, на іх змогуць прысутнічаць прадстаўнікі краін-суседзяў і іншых дзяржаў.
Перад правядзеньнем слуханьняў плянуецца наладзіць збор пытаньняў.
Першы энэргаблёк Беларускай АЭС плянуецца запусьціць у 2019 годзе, другі — у 2020 годзе.
Беларуская АЭС будуецца па расейскім праекце АЭС-2006 за 18 кілямэтраў ад Астраўца і за 50 кілямэтраў ад Вільні.
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску, што гарантуе самую бясьпечную АЭС і завершыць будаўніцтва ў тэрмін. Ён заклікаў літоўцаў далучыцца да будоўлі.
15 чэрвеня 2017 году парлямэнт Літвы прыняў закон, паводле якога атамная электрастанцыя, якая будуецца ў Астравецкім раёне Беларусі, уяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літоўскай Рэспублікі, яе навакольнаму асяродзьдзю і грамадзкаму здароўю.