Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Законапраект аб санкцыях ЗША супраць Расеі могуць выставіць на галасаваньне на гэтым тыдні


Сэнатар Бэнджамін Кардын
Сэнатар Бэнджамін Кардын

У Кангрэсе сьцьвярджаюць, што жорсткія захады падтрымаюць прадстаўнікі абедзьвюх партыяў.

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША можа разгледзець законапраект, які ўводзіць новыя санкцыі супраць Расеі і які абмяжоўвае паўнамоцтвы кіраўніка Белага дому ў тым, што да іх зьмякчэньня, ужо на гэтым тыдні.

Дакумэнт, распрацаваны як дадатак да пакету санкцыяў супраць Ірану, ухвалены ў Сэнаце ЗША яшчэ 15 чэрвеня. Яго падтрымалі 98 заканадаўцаў пры двух галасах супраць.

Тым ня менш законапраект быў фактычна заблякаваны Палатай прадстаўнікоў.

Паводле сьпікера Кангрэсу рэспубліканца Пола Раяна, прычынай сталі «тэхнічныя недахопы» пры працы над дакумэнтам — выключнае права ўводзіць фіскальныя захады належыць ніжняй палаце, так што галасаваньне ў Сэнаце магло быць ацэнена як парушэньне Канстытуцыі ЗША.

Сьпікер Кангрэсу ЗША Пол Раян
Сьпікер Кангрэсу ЗША Пол Раян

Выніковы дакумэнт быў узгоднены прадстаўнікамі абедзьвюх палат яшчэ да канца чэрвеня. Законапраект прадугледжвае афармленьне санкцыяў, уведзеных выканаўчым рашэньнем прэзыдэнта Барака Абамы ў канцы сьнежня мінулага году, у выглядзе фэдэральнага закона. Уводзяцца дадатковыя фінансавыя меры, а прэзыдэнт ЗША пазбаўляецца права адмяніць санкцыі без узгадненьня і папярэдняй кансультацыі з Кангрэсам.

Паводле ўплывовага сэнатара-дэмакрата Бэнджаміна Кардына, падставай для новага абмеркаваньня санкцыйнага праекту стала інфармацыя аб сустрэчах Дональда Трампа-малодшага з прадстаўніцай расейскіх уладаў, якая прапанавала летам мінулага году кампрамат на Гілары Клінтан, сабраны спэцслужбамі РФ.

«Тое, што адбылося з Дональдам Трампам-малодшым, лішні раз дэманструе, як дзейнічае Расея», — патлумачыў сэнатар Кардын агенцтву Reuters.

У сваю чаргу лідэр дэмакратаў у Сэнаце Чак Шумэр паведаміў журналістам, што сытуацыя, якая склалася, патрабуе неадкладнага ўмяшаньня Кангрэсу.

Лідэр дэмакратаў у Сэнаце Чак Шумэр
Лідэр дэмакратаў у Сэнаце Чак Шумэр

«Шчырыя выказваньні (Дональда Трампа-малодшага), і тое, што прэзыдэнт вельмі дрэнна правёў сустрэчу з Пуціным (на саміце G20), даказваюць, што Кангрэс павінен умяшацца, увесьці санкцыі супраць Расеі і перашкодзіць адмяніць санкцыі, паколькі прэзыдэнт паступіць з Пуціным менш жорстка, чым трэба было б», — заявіў сэнатар.

Кангрэсмэн-дэмакрат Стэн Хоер распавёў, што кансультацыі паміж прадстаўнікамі абедзьвюх партыяў у Палаце прадстаўнікоў працягваюцца, але законапраект «павінен атрымаць падтрымку неабходнай большасьці».

Кангрэсмэн-дэмакрат Стэн Хоер
Кангрэсмэн-дэмакрат Стэн Хоер

«Я настойваю, каб дакумэнт быў вынесены на галасаваньне ўжо на гэтым тыдні», — сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG