Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадабортавыя кансультацыі: Ніхто ж не прымушаў нараджаць!


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Дзяржаўны антыабортавы рух у Беларусі робіцца ўсё мацнейшым. У трох Менскіх паліклініках плянуюць стварыць кабінэты «За жыцьцё», дзе жанчын, якія хочуць перарваць цяжарнасьць, будуць ад гэтага адгаворваць.

Для гэтых псыхолягаў жанчына з нежаданай цяжарнасьцю — не самастойны чалавек з уласнымі патрэбамі і праблемамі, а інкубатар.

Так званае перадабортавае кансультаваньне, якое фактычна зьяўляецца формай эмацыйнага гвалту, прадугледжана беларускім заканадаўствам з канца 2014 году. Я адмыслова акцэнтую ўвагу на гвалтоўным характары кансультацый, бо дактары, не саромеючыся, кажуць, што іх мэта — адгаварыць жанчыну ад аборту. Не стварыць умовы для ўзважанага выбару, не аказаць псыхалягічную падтрымку незалежна ад прынятага рашэньня. Для гэтых псыхолягаў жанчына з нежаданай цяжарнасьцю — не самастойны чалавек з уласнымі патрэбамі і праблемамі, а інкубатар, які няправільна выконвае свае функцыі.

У розных гарадах Беларусі пытаньне перадабортавага кансультаваньня вырашаецца па-рознаму: напрыклад, у Горадні да псыхоляга адпраўляюць усіх жанчын, якія хочуць перарваць цяжарнасьць, а ў Магілёве так званая кансультацыя не абавязковая, калі плянуецца мэдыкамэнтозны аборт. Так ці інакш, дзяржава паступова павышае ўласныя амбіцыі адносна кантролю над цяжарнымі, і супрацьстаяць ёй у гэтым амаль немагчыма.

Асноўны паказчык тут — колькасьць адгавораных жанчын.

Безумоўна, псыхолягі, якія праводзяць перадабортавыя кансультацыі, маюць свае крытэрыі якаснай працы, і асноўны паказчык тут — колькасьць адгавораных жанчын. Прыхільніца пралайфэрскага руху Ганна Галкоўская піша, што «чым вышэйшая матываванасьць і кампэтэнтнасьць псыхоляга, тым больш дзяцей зьявіцца на сьвет». Якім пры гэтым будзе псыхалягічны стан самой цяжарнай, здаецца, не хвалюе ні заканадаўцаў, якія ініцыявалі ўвядзеньне перадабортавага кансультаваньня, ні псыхолягаў, якія ўласна праводзяць кансультацыі.

Ігнараваньне цяжарных і канцэнтрацыя выключна на эмбрыёнах і пладах — характэрная рыса шмат якіх пралайфэрак і пралайфэраў. У патасных назвах акцый кшталту «У абарону жыцьця» губляецца вельмі важная частка праблемы: цяжарная жанчына — гэта таксама жыцьцё. Гэта самастойны фізычна і ў большасьці выпадкаў дарослы чалавек, здольны самастойна прымаць рашэньні і несьці за іх адказнасьць. Але тое, як далей будзе жыць цяжарная, чамусьці мае меншае значэньне за жыцьцё эмбрыёна ці плода. І, што самае цікавае, калі плод народзіцца, ён таксама, хутчэй за ўсё, перастане цікавіць пралайфэрскія арганізацыі. Гэты маленькі чалавек, верагодна па-ранейшаму нежаданы, стане дадатковай рыскай у пралайфэрскай статыстыцы.

Адмовіцца ў Беларусі ад дзіцяці безь юрыдычных наступстваў для сябе — немагчыма.

Адмовіцца ў Беларусі ад дзіцяці безь юрыдычных наступстваў для сябе — немагчыма, бэбі-боксы ў нашай краіне адсутнічаюць, а калі жанчына кажа, што шкадуе аб нараджэньні дзіцяці, яна атрымлівае ў адказ абвінавачваньні ў бесчалавечнасьці і папрокі ў стылі «ніхто цябе не прымушаў нараджаць».

Калі адну маю знаёмую бацькі адгаворвалі ад аборту і абяцалі ўсяляк дапамагаць з дзіцём, яна ім паверыла. Але хутка пасьля родаў аказалася, што яны не зусім гэта мелі на ўвазе, і ўвогуле, яе дзіця — яе праблемы, і трэба было думаць галавой, а не цяжараць у 19 гадоў. Гэта распаўсюджаная сытуацыя і часты падыход ня толькі з боку сваячак і сваякоў жанчын зь нежаданай цяжарнасьцю, але і з боку дзяржаўных інстытутаў.

Пасьля нараджэньня дзіцяці жанчына нярэдка аказваецца сам-насам з усімі праблемамі.

Дзяржаве патрэбныя новыя людзі, рэлігійным арганізацыям трэба, каб усё грамадзтва адпавядала іх нормам маралі, родным часта трэба «паняньчыць лялечку». Але ў рэальнасьці пасьля нараджэньня дзіцяці жанчына нярэдка аказваецца сам-насам з усімі праблемамі. Грошы не пачынаюць сыпацца з неба, праца не знаходзіцца сама сабой, кватэрнае пытаньне не вырашаецца цудам.

Пасьля родаў жанчына ў большасьці выпадкаў аказваецца ў сацыяльнай ізаляцыі, і абсалютную большасьць часу прысьвячае нованароджанаму дзіцяці. Абавязковага пасьляродавага псыхалягічнага кансультаваньня ў Беларусі няма, а пасьляродавая дэпрэсія ўспрымаецца грамадзтвам як нешта несур’ёзнае. Скардзіцца на «невыносную цяжкасьць быцьця» маладой маці нельга, бо дзіця — гэта шчасьце, а немагчымасьць спакойна схадзіць у прыбіральню — надуманая праблема. І ўвогуле, ніхто ж яе не прымушаў нараджаць!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG