Задзіночаньне беларускіх студэнтаў апублікавала фота загаду аб адлічэньні шэрагу студэнтаў Менскага дзяржаўнага палітэхнічнага калежу. У ліку адлічаных — актывіст «Моладзі БНФ» трэцякурсьнік Мікалай Логвінаў. ЗБС лічыць, што ў загадзе зьмяшчаюцца шматлікія парушэньні.
Месяц таму Логвінаў распавядаў, што яго не дапусьцілі да сэсіі — на яго думку, неабгрунтавана і праз палітычную дзейнасьць. У лютым сябра «Моладзі БНФ» браў удзел у першым мітынгу «недармаедаў», потым нёс вахту на абароне Курапатаў, у сакавіку агітаваў за Дзень Волі — раздаваў агітацыйныя матэрыялы на праспэкце Незалежнасьці, за што суд яго аштрафаваў на 115 рублёў. Логвінаў таксама скардзіўся ў Міністэрства здароўя на дрэнныя санітарныя ўмовы ў прыбіральнях.
Статут каледжу пры гэтым забараняе браць удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Але адміністрацыя сьцьвярджае, што прычына адлічэньня менавіта ў акадэмічных запазычанасьцях.