Намер надаць адной зь віцебскіх вуліц імя Шагала летась быў сустрэты зь вялікім энтузіязмам. І напрыканцы чэрвеня 2016 году адбылася ўнікальная імпрэза — прэзэнтацыя вуліцы, на пачатку якой на адным з дамоў прымацавана мэмарыяльная дошка: маўляў, вуліца названая ў гонар мастака.
Імпрэза выйшла вельмі маляўнічая — з выступамі самадзейных калектываў і ўладаў гораду, якія дэкляравалі, што ў горадзе нарэшце зьявіўся новы турыстычны абʼект. І нават не адзін, бо імя Шагала атрымала тая самая вуліца, дзе ў 1920-я гады месьцілася мастацкая вучэльня, у якой выкладалі сусьветна вядомыя пазьней мэтры — Марк Шагал і Казімір Малевіч. Будынак былой вучэльні таксама быў задзейнічаны ў прэзэнтацыі. З расчыненых вокнаў гучала музыка. Стоячы на падваконьнях, выступалі сьпевакі і музыкі. А раз-пораз у аконных праёмах зьяўляўся «сам Шагал».
Самыя цікаўныя змаглі трапіць і ўсярэдзіну будынка. Віцяблянам абяцалі, што ў ім неўзабаве адчыніцца музэй віцебскай мастацкай вучэльні, якая прынесла Віцебску славу «сталіцы мастакоў». Усе, хто ўбачыў інтэрʼеры будучага музэю, былі ўражаныя: парэнчы залачоныя, на падлозе граніт, мармур ды іншыя каштоўныя матэрыялы! Пры абяцаным тэхнічным абсталяваньні высокага ўзроўню гэтая ўстанова культуры павінна была стаць унікальнай ня толькі для Віцебску, а для ўсёй Беларусі.
Адкрыцьцё музэю анансавалася да 130-х угодкаў Марка Шагала, якія горад адзначыў 7 ліпеня 2017 году. Аднак музэй не адчынілі, бо на амбітныя пляны не далі фінансаваньня.
Ня будзе адчынены музэй віцебскай мастацкай вучэльні і да сёлетняга «Славянскага базару», які распачнецца праз два дні.
Такім чынам, 129-я ўгодкі Шагала аказаліся нашмат больш пампэзныя, чым 130-я. Сёлета гарадзкі і абласны аддзелы культуры арганізавалі росьпіс платоў на Пакроўскай вуліцы, дзе прайшло дзяцінства сусьветна вядомага мастака.
А на тое, каб на вуліцы імя Марка Шагала пранумараваць дамы, не хапіла ці то фарбы, ці то імпэту, ці то часу — хоць прайшоў цэлы год.