Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства энэргетыкі: могільнік радыеактыўных адходаў у Беларусі збудуюць толькі к 2030 году


Як вынікае з прэс-рэлізу беларускага Міністэрства энэргетыкі, у цяперашні час вядзецца распрацоўка «канцэптуальнага праекту» могільніку нізка- і сярэднеактыўных радыеактыўных адходаў БелАЭС.

АЭС плянуюць запусьціць ужо праз два гады. Чаму пра могільнік задумаліся толькі цяпер?

Начальнік аддзелу навукова-тэхнічнай палітыкі Дэпартамэнту ядзернай бясьпекі Міністэрства энэргетыкі Ўладзімер Высоцкі ў камэнтары Свабодзе спасылаецца на зацьверджаную ў 2015 годзе Стратэгію абыходжаньня з радыеактыўнымі адходамі (PDF), у якой і заплянаванае будаўніцтва пункту захоўваньня. Там пункт захоўваньня папярэдне ацэнены ў 60 млн даляраў (першая чарга — у 10 млн). «Будаваць мы яго будзем па чэргах, — кажа Высоцкі пра могільнік. — Першую чаргу трэба збудаваць к 2030 году.

Зараз у нас радыеактыўныя адходы цягам 10 гадоў пасьля ўводу ў эксплюатацыю будуць захоўвацца на прыстанцыйным сховішчы радыеактыўных адходаў. Цягам 10 гадоў, яно на гэты тэрмін разьлічана. Па сканчэньні гэтага тэрміну трэба будзе вывозіць са станцыі.

Канцэпцыя распрацаваная. Цяпер распрацаваная стратэгія. Мы працуем над яе рэалізацыяй».

Дзе будзе могільнік?

Паводле Высоцкага, могільнік можа быць разьмешчаны ў розных месцах, месца яшчэ ня выбрана. Сярод прапановаў — пляцоўка побач у АЭС, як тое зроблена ў Літве з адходамі Ігналінскай АЭС. Выбар месца залежыць таксама ад якасьці пляцоўкі, але «вазіць адходы за трыдзевяць зямель па тэрыторыі Беларусі, напэўна, ня вельмі разумна», мяркуе чыноўнік.

«Канцэптуальны праект, там шмат пытаньняў, на якія мы мусім адказаць, — дадае Высоцкі. — Абгрунтаваць ягоны ўплыў на навакольнае асяродзьдзе, радыяцыйную бясьпеку, у тым ліку палічыць эканоміку. Вось зараз мы і праводзім перадпраектную стадыю, калі павінны прапрацаваць усе пытаньні і зразумець, што мы зьбіраемся збудаваць. Да 2030-га няма ў гэтым неабходнасьці».

«Добрых пунктаў захаваньня радыеактыўных адходаў нідзе не існуе. А кепскія існуюць», — экспэрт пра пляны на могільнік у Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG