Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксандар Турчынаў заявіў, што біямэтрычны кантроль для замежнікаў на мяжы павінен запрацаваць не пазьней за 1 студзеня 2018 году.
«Але ў выпадку гатоўнасьці адпаведных органаў МУС, маецца на ўвазе памежная служба, міграцыйная служба, МЗС, — я не выключаю, што ён запрацуе яшчэ да канца гэтага году», — заявіў Турчынаў па выніках пасяджэньня Рады.
Акрамя таго, грамадзяне Расеі перад прыездам ва Ўкраіну будуць абавязаны прайсьці папярэднюю электронную рэгістрацыю ва ўкраінскім міністэрстве замежных спраў. Расейцаў таксама абавяжуць рэгістравацца па месцы часовага знаходжаньня і паведамляць пра свае перасоўваньні.
Раней сёньня прэзыдэнт Пятро Парашэнка анансаваў, што Ўкраіна ўвядзе біямэтрычны кантроль на мяжы для ўсіх замежнікаў. «Мы павінны зьняць біямэтрычныя дадзеныя, уключаючы адбіткі пальцаў, лічбавую фатаграфію. Гэта значна ўзмоцніць магчымасьці для барацьбы з тэрарызмам», — сказаў Парашэнка