Адказваючы на пытаньне журналістаў пра ягонае стаўленьне да таго, што сябры беларускай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ на сэсіі гэтай структуры ў Менску па розных пытаньнях галасавалі па-рознаму, міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сказаў:
«У тым, што парлямэнтары прагаласавалі па-рознаму, няма нічога дзіўнага. У нашай краіне ідзе нармальны працэс разьвіцьця дэмакратыі. Так, як прагаласавалі беларусы, маглі і галасуюць дэпутаты розных дэмакратычных краінаў».
Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Валер Варанецкі ў эксклюзіўным інтэрвію Свабодзе ацаніў вынікі Парлямэнцкай асамблеі для Беларусі:
«Праз сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ мы значна ўмацавалі свой аўтарытэт, свае пазыцыі на міжнароднай арэне, ва ўсясьветнай прасторы. Гэта тычыцца як Рэспублікі Беларусь у цэлым, так і парлямэнту ў прыватнасьці. Для прасторы АБСЭ вынікі галасаваньня і сам працэс сэсіі паказалі, што тыя мэты, якія ставіла на гэтай сэсіі Беларусь, а менавіта ўмацаваньня даверу і супрацоўніцтва на міжнароднай арэне, знайшлі сваю падтрымку. Усе краіны, на мой погляд, наблізіліся да рэальнага дыялёгу. І гэта вельмі добра».