Беларускі музычны партал Tuzinfm.by (раней вядомы як «Тузін гітоў») паведаміў аб падачы ў Эканамічны суд Менску заявы з просьбамі прызнаць незаконнымі дзеяньні начальніка галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму Паўла Скалабана, які не дазволіў жывую прэзэнтацыю сольнага альбому Алеся Дзянісава (гурт Dzieciuki, раней «КальЯн» і «Людзі на балоце») «Кароткая гісторыя Беларусі».
Таксама партал просіць абавязаць ідэолягаў выдаць гастрольнае пасьведчаньне для прэзэнтацыі «Кароткай гісторыі Беларусі» на любую прымальную для арганізатараў дату.
Жывая прэзэнтацыя альбому, прадстаўленага ў інтэрнэце на пачатку лета, мела адбыцца 16 верасьня. Ідэолягі папрасілі падаць тэксты песень, пасьля іх аналізу адмовілі ў правядзеньні канцэрту — ня выдалі гастрольнага пасьведчаньня. У адмове Скалабан упершыню спаслаўся на Кодэкс аб культуры — раней канцэрты не дазваляліся са спасылкай на пункт указу Аляксандра Лукашэнкі № 257, у якім гаворка вялася аб прапагандзе вайны, экстрэмізму ды іншага. Таксама раней ідэолягі забаранілі канцэрт Dzieciuki на падставе пункту заканадаўства, якога няма.
Паводле Кодэксу ж, падставай да адмовы ў канцэрце можа стаць «заключэньне мастацкага рады па культурна-відовішчных мерапрыемствах аб нізкім мастацкім узроўні выкананьня». Але такога заключэньня арганізатарам канцэрту не далі. Таксама ніякіх тлумачэньняў ня даў Скалабан, які падпісаў ліст аб забароне.
«У кожным разе, вырашаць гэтае пытаньне мусяць самі слухачы, а не чыноўнікі ў кабінэтах. Перакананы ў тым, што дзеяньні ідэолягаў абсалютна незаконныя. Відавочна, што мы маем справу з цэнзураю», — заявіў кіраўнік «Тузіну гітоў» і арганізатар канцэртаў Сяргей Будкін. Ён сказаў таксама, што частку грошай ад канцэрту зьбіраліся перадаць Алесю Чобату — аўтару вершаў да альбому, які страціў зрок і жыве адзін у сваёй хаце ў Скідзелі.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч заявіў, што сам згаданы пункт Кодэксу аб культуры парушае заканадаўства, бо Канстытуцыя гарантуе свабоду выказваньня думак, у тым ліку і ў мастацкай форме, а абмежаваньні дапускаюцца толькі ў тых выпадках, калі гэта нясе небясьпеку грамадзкаму парадку, маральнасьці, здароўю, правам іншых і гэтак далей.