Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка увёў субсыдыі на будаўніцтва жыльля. Хто атрымае?


Указам «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзянаў пры будаўніцтве ці рэканструкцыі жылых памяшканьняў» Аляксандар Лукашэнка ўвёў у дадатак да існай сыстэмы льготнага крэдытаваньня новы від падтрымкі — дзяржаўныя адрасныя субсыдыі. Іх змогуць атрымаць малазабясьпечаныя сем’і, якія стаяць у чарзе на атрыманьне жыльля.

Як заявіў сёньня на брыфінгу начальнік упраўленьня жыльлёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандар Горваль, найпершай умовай падтрымкі будзе чарговасьць аднясеньня грамадзянаў да катэгорыі малазабясьпечаных.

Паводле чыноўніка, мэханізм дзяржаўнай дапамогі распрацаваны з улікам максымальнага захаваньня прынцыпаў дзейнай сыстэмы: сума падтрымкі будзе разьлічвацца, зыходзячы з колькасьці сямейнікаў, нармаваных памераў жылога памяшканьня і гранічнага нарматыву кошту будаўніцтва.

«Субсыдыя будзе выплочвацца штомесяц у пэрыяд крэдытаваньня, — адзначыў прадстаўнік ведамства. — Пры зьмене складу сям’і яе памер будзе зьмяняцца: пералічвацца базавы кошт крэдыту, уносіцца зьмены ў рашэньне выканкаму і карэктавацца канчатковая сума».

Памер субсыдыі залежыць ад стаўкі рэфінансаваньня, а значыць, будзе мяняцца згодна з паказьнікамі Нацбанку. Што тычыцца ўласна мэханізму фінансаваньня, то ён будзе цэнтралізавана фармавацца пры зацьвярджэньні бюджэту на чарговы фінансавы год. Міністэрства фінансаў мусіць пералічваць сродкі ў бюджэты рэгіёнаў і сталіцы, пасьля чаго выканкамы змогуць прымаць рашэньне аб выдзяленьні субсыдый ільготнікам для будаўніцтва.

Як патлумачыў Аляксандар Горваль, налічэньне будзе ажыцьцяўляцца пэрсанальна па кожным заяўніку — то бок сродкі перадаюцца ня банку, а канкрэтнаму грамадзяніну.

Ён канкрэтызаваў, што пад рэалізацыю праекту папярэдне вызначана 135 мільёнаў рублёў. Зь іх 60 мільёнаў — сродкі «Беларусбанку», 75 мільёнаў — «Белаграпрамбанку». Гэтая сума прадугледжвае будаўніцтва прыкладна 4 тысяч кватэраў. Указ № 240 набудзе сілу 6 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG