Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Махлярства і жаданьне цуду


Наста Захарэвіч
Наста Захарэвіч

Нядаўна беларуска дабілася крымінальнай справы супраць «чараўнікоў», якія выцягнулі зь яе агулам больш за 100 тысяч даляраў. Гэта добры юрыдычны прэцэдэнт, але ці магчыма спыніць такога кшталту махляроў выключна крымінальным кодэксам? Я лічу, што не, бо пакуль ёсьць попыт — будзе прапанова.

Цяжка знайсьці больш паскуднае дзеяньне, чым выцягваньне падманам велізарных грошай з людзей у глыбокім крызісе.

Крымінальная адказнасьць за махлярства ў асабліва буйным памеры — справа правільная «з усіх бакоў», бо цяжка знайсьці больш паскуднае дзеяньне, чым выцягваньне падманам велізарных грошай з людзей у глыбокім крызісе, якія гатовыя на што заўгодна, абы здарыўся цуд.

Хто звычайна зьвяртаецца да так званых магаў і экстрасэнсаў? Тыя, у каго няма больш надзеі на рацыянальныя спосабы вырашэньня праблемы. Гэта бацькі, дзеці і іншыя родныя цяжка хворых людзей; сваячкі і сваякі зьніклых бязь зьвестак; жанчыны, якія гадамі ня могуць зацяжарыць і вынасіць цяжарнасьць; родныя альказалежных і нарказалежных людзей.

Ніхто з нас ня ведае загадзя, як будзе паводзіць сябе ў сапраўды жудасным становішчы.

Часта гэтых людзей асуджаюць за іх недальнабачнасьць, за ілюзіі, за неадукаванасьць і іншыя рэчы. Але па-сапраўднаму іх усіх аб’ядноўвае адно: яны ў адчаі і гатовыя ўчапіцца за любы шанец выправіць сытуацыю. Ніхто з нас ня ведае загадзя, як будзе паводзіць сябе ў сапраўды жудасным становішчы. Калі дактары разводзяць рукамі, міліцыянты кажуць, што нічым ня могуць дапамагчы, а навакольныя пачынаюць казаць, што трэба зьмірыцца са страшнай рэальнасьцю.

Страшна прызнаць, што ты нічога больш ня можаш зрабіць і ніяк ня можаш паўплываць на сытуацыю. Менавіта ў гэты момант некаторыя людзі забываюць усё, чаму іх вучылі ў школах ды ўнівэрсытэтах, і што яны чыталі ў добрых кнігах. У момант адчаю чалавека не цікавіць навука. У момант адчаю чалавеку патрэбны цуд.

Адзіны спосаб засьцерагчы ад звароту да махлярак і махляроў — гэта не пакідаць чалавека сам-насам з адчаем.

Бадай, адзіны спосаб засьцерагчы ад звароту да махлярак і махляроў, якія за 800 даляраў параяць памазаць пацыенту ў коме пальцы рамонкавай гарбатай — гэта не пакідаць чалавека сам-насам з адчаем. Трэба працаваць на тое, каб зьнізіць попыт на парапсыхалягічныя паслугі і вядзьмарскія абрады. Тут ня можа быць простых рашэньняў з гарантыяй, але ёсьць шэраг рэчаў, на якія дзяржаве даўно варта зьвярнуць увагу.

Па-першае, у Беларусі адсутнічае сыстэмная псыхалягічная падтрымка людзей, якія сутыкнуліся зь цяжкім дыягназам. Няма аналягічнай сыстэмы і для іх родных. Калі дактары і параяць зьвярнуцца да псыхоляга, дык зробяць гэта тады, калі ўжо патрэбны хутчэй псыхіятар.

Людзі застаюцца сам-насам з бядой і часта не атрымліваюць ад мэдыкаў нават поўнай інфармацыі пра магчымыя варыянты лячэньня і іх наступствы. Людзі ідуць шукаць інфармацыю ў інтэрнэце, сутыкаюцца з абмеркаваньнямі на форумах, і ў абмеркаваньнях заўжды знойдуцца пасажы кшталту «ня верце дактарам, едзьце да экстрасэнсаў». Калі ж адразу патлумачыць, чаго варта чакаць, на што можна спадзявацца, а з чым трэба зьмірыцца і навучыцца жыць, усё ж ёсьць верагоднасьць, што чалавек хутчэй даверыцца прафэсіяналкам і прафэсіяналам, а не ананімам на форуме.

Яшчэ ў школьнай праграме трэба даводзіць да дзяцей інфармацыю пра крытэрыі доказнасьці навуковых ведаў і вучыць крытычнаму мысьленьню.

Па-другое, яшчэ ў школьнай праграме трэба даводзіць да дзяцей інфармацыю пра крытэрыі доказнасьці навуковых ведаў і вучыць крытычнаму мысьленьню. Зусім не абавязкова, што ў крызісны момант у будучыні іх гэта выратуе, але чым больш чалавек будзе ведаць пра навуку, прынцыпы дасьледаваньняў, тым больш імавернасьць, што ў крытычнай сытуацыі ён стане шукаць новыя спосабы лячэньня хваробы, пацьверджаныя хоць нейкімі дасьледаваньнямі, а ня будзе апоўначы рассыпаць соль на скрыжаваньні і плаціць за такую параду трохзначныя сумы.

Аднойчы мне давялося прысутнічаць пры сур’ёзнай спрэчцы трох сябровак на тэму «куды лепш падацца — у царкву ці да бабкі-шаптухі». Сышліся жанчыны на тым, што ў царкву трэба ісьці абавязкова, а дадаткова можна і да шаптухі.

У момант адчаю можна дадумацца і не да такога, бо ў момант адчую чалавеку проста патрэбны цуд.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG