Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея не падтрымае рэзалюцыю Ўкраіны па дэакупацыі Данбасу і Крыму


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расейская дэлегацыя будзе выступаць супраць рэзалюцыі Ўкраіны аб аднаўленьні сувэрэнітэту, вынесенай на разгляд Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, паведамляе «Інтэрфакс».

«Мы катэгарычна супраць прапанаванай Украінай рэзалюцыі, якая называецца „аднаўленьне сувэрэнітэту“. Мы лічым, што краіна, якая ня мае сувэрэнітэту, ня мае права быць прадстаўленай на ПА АБСЭ», — заявіў перад пачаткам сэсіі намесьнік старшыні Дзяржаўнай Думы, кіраўнік расейскай дэлегацыі на ПА АБСЭ Пётар Талстой журналістам у Менску.

У праекце рэзалюцыі камітэту ў палітычных пытаньнях ПА АБСЭ Расея прызнаецца акупантам, аўтары дакумэнту заклікаюць Маскву скасаваць анэксію Крыму і трымацца дамоўленасьцяў наконт Данбасу — сярод іншага ўдакладняецца, што пэўныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей знаходзяцца пад кантролем «расейскіх гібрыдных сілаў».

Таксама ў праекце рэзалюцыі ўтрымліваецца заклік да Расейскай Фэдэрацыі як «дзяржавы-акупанта» забясьпечыць бесьперашкоднае перасоўваньне спэцыяльнай маніторынгавай групы АБСЭ па тэрыторыі Крыму, а таксама неабходнасьць падтрымліваць Менскі пратакол і Менскі мэмарандум што да ўрэгуляваньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.

Дэпутаты ПА АБСЭ ў падрыхтаваным праекце рэзалюцыі заклікаюць Расею прыпыніць акупацыю Данбасу і Крыму і дэкляруюць павагу да замацаваных у Хэльсынскім заключным акце прынцыпаў непарушнасьці межаў і тэрытарыяльнай цэласнасьці, мірнага ўрэгуляваньня спрэчак, раўнапраўнасьці і самавызначэньня народаў.

Таксама парлямэнтары заклікаюць Расею ўстрымацца ад агрэсіўнай практыкі і скасаваць рашэньне пра незаконную анэксію Рэспублікі Крым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG