«Сталы камітэт Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ большасцю галасоў не падтрымаў вынясенне на разгляд летняй сесіі ПА АБСЭ ў Менску ініцыяванага сябрамі літоўскай дэлегацыі праекту рэзалюцыі «Аб сітуацыі ў Беларусі».
Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Старшыня Камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валер Варанецкі.
У праекце, які падрыхтаваў літоўскі дэпутат Лаўрынас Касчунас, Менск заклікаюць рэабілітаваць палітвязьняў, адмяніць сьмяротнае пакараньне, рэфармаваць выбарчую сыстэму, паважаць права грамадзян на свабоду выказваньня і сходаў, забясьпечыць празрыстасьць будаўніцтва БелАЭС.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька так пракамэнтаваў рашэньне Сталага камітэту:
«Мы прагназавалі, што будзе моцны супраціў гэтай рэзалюцыі. Будзе мабілізаваная Расея і яе хаўрусьнікі з аўтарытарных рэжымаў на постсавецкай прасторы. Да таго ж, натуральна, што ёсьць шмат тых, хто на тэрыторыі гаспадара хацеў бы заставацца максымальна нэўтральным і ветлівым.
Але я думаю, яшчэ рана ставіць кропку ў гэтым пытаньні. Ёсьць два праекты рэзалюцыі, яшчэ адзін — Крысьціяна Холма (швэдзкі дэпутат, правацэнтрыст, што да нядаўняга часу ўзначальваў рабочую групу па Беларусі ПА АБСЭ), які датычыць ня толькі Беларусі, але ўсяго рэгіёну постсавецкай прасторы. Нагадаю таксама, што да любога праекту рэзалюцыі можна ўносіць прапановы. Гэта азначае, што нейкія прынцыповыя рэчы з рэзалюцыі Качунаса могуць перайсьці ў іншы дакумэнт.
Па-другое. Сталы камітэт, вядома, выносіць свае рэкамэндацыі. Але гэта не азначае, што рэзалюцыя ня можа быць унесеная і падтрыманая дэпутатамі. Так што і за гэты праект яшчэ можна пазмагацца. Мы сваю рэкамэндацыю на сустрэчах з дэлегацыямі выкладзем, патлумачым, чаму трэба сфармуляваць „хатняе заданьне“ беларускай уладзе».