Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алега Воўчака з суду з гіпэртанічным крызам даставілі ў шпіталь. І аштрафавалі на 585 рублёў


Судзьдзя Фрунзэнскага раённага суду Яўген Пісарэвіч адмовіўся выклікаць хуткую дапамогу праваабаронцу Алегу Воўчаку, якому стала кепска падчас судовага паседжаньня.

Андрэй Бандарэнка, які прысутнічаў на судзе, за патрабаваньне ўсё ж выклікаць лекараў быў выдалены з залі суду. Ён патэлефанаваў у хуткую дапамогу, і Воўчака з гіпэртанічным крызам даставілі ў шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі. А судзьдзя Пісарэвіч пасьля шпіталізацыі Воўчака вынес рашэньне — аштрафаваць яго на 585 рублёў.

21 сакавіка суд Фрунзэнскага раёну сталіцы прысудзіў кіраўніку праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алегу Воўчаку 13 сутак адміністрацыйнага арышту завочна — за ўдзел у «Маршы недармаедаў», што адбыўся 17 лютага. Спадар Воўчак падаў скаргу, і Менскі гарадзкі суд накіраваў справу на дадатковае расьсьледаваньне — бо міліцэйскі пратакол ня быў падпісаны супрацоўнікам міліцыі, а гэта грубае працэсуальнае парушэньне.

4 ліпеня ў другой палове дня ў судзе Фрунзэнскага раёну разглядалася ўжо дапрацаваная міліцыянтамі справа. Як распавёў Свабодзе праваабаронца Андрэй Бандарэнка, на чацьвёртай гадзіне разгляду справы, каля 19-й гадзіны, Алегу Воўчаку стала дрэнна — рэзка ўзьняўся ціск. Спадар Воўчак выступіў з хадайніцтвам, каб паседжаньне перанесьлі і выклікалі яму хуткую дапамогу. Судзьдзя Яўген Пісарэвіч хадайніцтва адхіліў. Тады Андрэй Бандарэнка ўстаў і пачаў настойваць, каб выклікалі мэдыкаў. Судзьдзя выдаліў Бандарэнку з залі. Той усё ж выклікаў хуткую дапамогу. Мэдыкі паставілі Воўчаку дыягназ — гіпэртанічны крыз, і завезьлі яго ў шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі.

Ужо ў адсутнасьць Воўчака судзьдзя Яўген Пісарэвіч вынес рашэньне — аштрафаваць таго на 45 базавых велічыняў, або 585 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG