Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І прыйдзе нябесны ягуар


Вольга Гапеева
Вольга Гапеева

Хуан Мануэль Маркас, «Зіма Гюнтэра»; «Галіяфы», 2017.

Упершыню пра кнігу парагвайца Хуана Мануэля Маркаса (Juan Manuel Marcos) «Зіма Гюнтэра» я пачула зімой, але прачытаць яе атрымалася толькі летам. Сказаць адназначна, пра што гэты раман, — не атрымаецца, як і вызначыць галоўных герояў. Зіма ў назьве кантрастуе з рэальнай сьпёкай, што пануе на працягу амаль усёй кнігі. Можна трактаваць гэта як мэтафару ўнутранага стану аднаго з герояў, або як мэтафару дыктатарскага рэжыму ў краіне, але ня выключана і тое, што гэта спроба Х. М. Маркаса ўсьміхнуцца ў адказ на «Восень патрыярха» Габрыэля Гарсія Маркеса.

Што я ведала пра Парагвай да гэтай кнігі? Ды нічога… Пасьля прачытаньня — шукаю ў сеціве інфармацыю, артыкулы, відэа, празь якія краіна больш не падаецца такой экзатычнай і аддаленай, нават бачу пункты перасячэньня.

Жыцьцёвыя абставіны былі няпростымі для Х. М. Маркаса. Праз свае погляды і перакананьні яму давялося правесьці пэўны час за кратамі, а потым нават зьехаць з краіны ў эміграцыю. Сёньня Маркас — адна з істотнейшых фігур інтэлектуальнага і культурніцкага жыцьця Парагваю, пасьля вяртаньня на радзіму (1989) ён заснаваў прыватны ўнівэрсытэт (Унівэрсытэт дэль Нортэ).

раман «Зіма Гюнтэра» ўжо пасьпеў стаць клясыкай

Раман «Зіма Гюнтэра» быў напісаны ў 1987 годзе і ўжо пасьпеў стаць клясыкай, ён перакладзены на больш чым 40 моваў. Варта падзякаваць Васілю Песенку за тое, што ён узяўся за гэты тэкст, і я (як і тыя, хто любіць чытаць па-беларуску замежную літаратуру) займела шанец прачытаць яе на сваёй мове. Гэта першы буйны мастацкі твор, які Васіль пераклаў на сёньня. Выпускнік гішпанскага факультэту Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту пакуль не будуе плянаў датычна перакладу іншых кніг, але ўжо цяпер можна канстатаваць, што беларускіх таленавітых перакладчыкаў з гішпанскае стала на аднаго больш.

«Зіма Гюнтэра» — кніга няпростая і структурна (можна лёгка згубіцца/заблытацца ў імёнах, краінах, сваяках), і эмацыйна (некаторыя сцэны чыняць боль, які адчуваеш фізычна). Гэта — клясычны постмадэрнісцкі твор з усімі адпаведнымі атрыбутамі: тут знойдзецца месца розным стылям (навуковы даклад, міты, дэтэктыўнае апавяданьне, паэмы), алюзіям, цытатам, псэўдацытатам, калажнасьці. Аўтар зь лёгкасьцю балянсуе паміж лініямі і героямі, быццам спрабуючы давесьці, што сюжэт — рэч другасная, хаця, безумоўна, яна тут прысутнічае.

Маркас пачынаў як паэт. Калі даведалася пра гэта, усё стала на свае месцы, я вытлумачыла для сябе тую блізкасьць, якую адчула, чытаючы ягоны тэкст. У нечым гэты раман — своеасаблівае апраўданьне для паэтаў, якія наважыліся ўзяцца за прозу. Аматарам сур’ёзнай, традыцыйнай прозы кніга можа падацца занадта нефарматнай, але ў гэтым ейная адметнасьць і прыгажосьць. Быццам чытаеш тэкст не для таго, каб даведацца, што адбудзецца далей, а для таго, каб чытаць, каб плыць у гэтых словах, веславаць кудысь, бо сам працэс істотнейшы за вынік.

Адзінае, што замінала майму вольнаму «плаваньню» па тэксьце, — процьма камэнтароў ледзь не на кожнай старонцы. Можна па-рознаму ставіцца да гэтага зьявішча ў перакладной літаратуры і ў кожнай перакладчыцы/ка свае меркаваньні на гэты конт, але нават мяне (якая досыць станоўча ўспрымае камэнтары і тлумачэньні) такая колькасьць спужала. Адна справа камэнтаваць геаграфічныя назвы ці рэаліі жыцьця Лацінскай Амэрыкі, і іншая — вядомыя імёны, такія як Ніцшэ, Сартр, Троцкі і г.д. У нейкі момант я задалася пытаньнем, а хто аўтар гэтых спасылак, раптам гэта чарговы ход постмадэрнісцкай гульні Маркаса. Як я потым дазналася — не: Васіль Песенка сам рабіў усе камэнтары, аднак заўважыў, што гэта было патрабаваньнем ад агентаў пісьменьніка, якія паставілі перад перакладчыкам такую ўмову — каб у тэксьце была пэўная (і я так разумею, даволі вялікая) колькасьць камэнтароў, хоць у арыгінале няма ніводнага.

магічны рэалізм пакажа сябе і тут

Магічны рэалізм, такі тыповы для лацінаамэрыканскай літаратуры, пакажа сябе і тут. Вядома ж, у кожнага аўтара ён свой, і Борхесавы лябірынты будуюцца і ўзьдзейнічаюць іначай за Маркасавыя легенды пра ягуара, але своеасаблівая ўвага да магічнага мысьленьня — тое, што лучыць аўтараў таго рэгіёну і пакаленьня. На фоне ўсёй містыкі самым рэалістычным падаўся дыялёг Гюнтэра і адваката. Не будзе вялікім спойлерам, калі скажу, што цэнтральнай тэмай выступаюць вобразы дыктатуры і дыктатара. У Парагваі з 1870 па 1932 год зьмянілася больш за 30 прэзыдэнтаў, а з 1954 па 1989 улада знаходзілася ў руках Строснэра, часы кіраваньня якога прыпалі на правядзеньне апэрацыі «Кондар»[1].

Дыктатар у кнізе — гэта не дакладны чалавек, а, хутчэй, зборны партрэт, прычым сам ён так і не зьяўляецца ў рамане, мы проста адчуваем ягоную нябачную прысутнасьць. На сустрэчы са старшынёй калегіі адвакатаў наконт дапамогі ў вызваленьні пляменьніцы Саледад, Гюнтэр паводзіць сябе як чалавек далёкі ад рэаліяў сваёй радзімы. Паралелі ўзьнікаюць самі сабой:

На мой погляд вы не разумееце, што адбываецца… Справа ў тым, што ў нас пануе дыктатура. У гэтай краіне ня дзейнічаюць нормы прававой дзяржавы. Што ў дадзенай сытуацыі здольны зрабіць адвакат? … Адзінае, што сапраўды дзейнічае ў нашай краіне, — воля тырана. Вечны генэрал пазбавіў вашу сваячку волі, і толькі ён можа даць ёй свабоду, калі пажадае.

Вызначэньне дэмакратыі, так бы мовіць, ад процілеглага, якое мяне па-сапраўднаму зьдзівіла і прымусіла задумацца наноў, было справакавана чытаньнем Ханы Арэнт, тады ўпершыню я памысьліла дэмакратыю як «уменьне жыць у нязгодзе», то бок, калі прымаеш права іншага чалавека быць іншым/іншай. Гэта няпроста і патрабуе ўнутранага стану павагі да сябе і да іншых. Калі зло пераходзіць у стан паўсядзённасьці, нармальнасьці, яно пераўтвараецца з праблемы маральнай, этычнай у праблему анталягічную. Я заўсёды казала, што люблю сваю краіну, але не дзяржаву. Апошнім часам усё больш задумваюся, ці слушны мой такі падзел, ці не ўзьдзейнічае панаваньне дзяржавы на мэтафізычныя абрысы самой краіны (пад краінай я разумею ў першую чаргу прыроду і локуснасьць).

– Гэта краіна, – прашаптаў ён, – трагічная, падступная, недарэчная

— Гэта краіна, — прашаптаў ён, — трагічная, падступная, недарэчная, устурбаваная, карумпаваная, выклятая лёсам, местачковая, адсталая, гвалтоўная, небясьпечная бедная, баязьлівая, адасобленая, самотная, закінутая, замардаваная, бязьлітасна пакараная, пакутная, змрочная, ненавісная і невыносная, край перарваных сноў і спарахнелых гітараў.

— Скажыце мне, чаму, чаму вы яе гэтак любіце? Га?! Трасца вашай матары! Чаму вы яе гэтак любіце?

Але сумнявацца — гэта прыкмета жвавасьці мысьленьня, адсутнасьці дурной ганарлівасьці і ўменьня прыслухоўвацца да сябе і іншых ці, як слушна заўважыў Х. М. Маркас: «Розум мусіць гартавацца парадоксамі, а ня чэзнуць у закасьнелай упэўненасьці. Рэвалюцыя — гэта права на сумнеў».

Ёсьць нешта тоеснае ва ўсіх дыктатурах незалежна ад кантынэнтаў ды часу, і кніга трыццацігадовай даўніны ўсё яшчэ рыфмуецца з днём сёньняшнім.

— — —

[1] Апэрацыя па ліквідацыі актывістаў і ўдзельнікаў прагрэсіўных рухаў (у асноўным левых і сацыялістаў), праціўнікаў вайсковых рэжымаў, якую праводзілі лацінаамэрыканскія дыктатуры (Чылі, Аргентына, Уругвай, Парагвай, Бразылія, Балівія) па ініцыятыве і з падтрымкай спэцслужбаў ЗША і некаторых заходніх краінаў (1968–1989).

Вольга Гапеева

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG