Раней мясцовыя жыхары накіравалі ў адміністрацыю Партызанскага раёну і прэзыдэнцкую адміністрацыю зварот са 176 подпісамі. Просьба была адна — адмяніць рашэньне аб зносе іх дамоў.
Аўтары адзначаюць, што праект забудовы тэрыторыі 5-7-павярховымі дамамі быў зацьверджаны 10 гадоў таму. Паступова ён састарэў і быў скарэктаваны, а гэта азначае неабходнасьць новага грамадзкага абмеркаваньня ўсяго праекту.
Актывісты і неабыякавая грамадзкасьць спадзяваліся, што іх шматлікія просьбы і пэтыцыі будуць пачутыя ўладамі, а горад пазьбегне чарговага канфлікту і супрацьстаяньня.
Аднак публічнае абмеркаваньне канфліктнай сытуацыі адміністрацыя Партызанскага раёну Менску прызначыла толькі на сёньняшні вечар — фактычна пасьля таго, як цяжкая тэхніка прыступіла да руйнаваньня мясцовай забудовы.
Дарэчы, у звароце падпісанты просяць кіраўніцтва адміністрацыі пасадзейнічаць усталяваньню памятнага знаку, прысьвечанага заснаваньню пасёлку, які адным зь першых паўстаў у разбураным вайной Менску.