Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыянт наступіў нагой на твар і казаў, што яму за гэта нічога не будзе», — мужчына з Фаніпаля заявіў пра міліцэйскі гвалт


Жыхар Фаніпаля Сяргей Ткачэнка распавёў пра зьбіцьцё ў аддзяленьні міліцыі.

Мужчына падаў скаргу на імя начальніка Дзяржынскага раённага ўпраўленьня Сьледчага камітэту праз праверку, праведзеную неналежным чынам, што прывяла да адмовы ў крымінальнай справе, перадае праваабарончы цэнтар «Вясна».

Судова-мэдычная экспэртыза налічыла на целе Ткачэнкі ня менш за 26 «траўматычных узьдзеяньняў»: знойдзеныя сьляды ад удару цьвёрдым прадметам, сінякі і ранкі на твары, руках, тулаве, шыі, назе. Ткачэнка зьвярнуўся ў Дзяржынскі РАУС з заявай пра зьбіцьцё 9 траўня міліцыянтам Бязьверхім. Пацярпелага апыталі толькі 7 чэрвеня, а 12 чэрвеня сьледчы Апалонік вынес пастанову аб адмове ў крымінальнай справе. Яго жонку не апыталі, запісы з камэраў назіраньня і відэарэгістратараў на міліцыянтах не праглядалі (ці не паведамілі пра гэта), вынікам экспэртызы не далі ацэнку. Міліцыянты з Фаніпаля заявілі, што супраць Ткачэнкі не ўжывалася фізычная сіла, таму Апалонік зьлічыў, што «не было здабыта дастатковых доказаў». «Вясна» пераказвае гісторыю Ткачэнкі.

9 траўня ён з жонкай былі недалёка ад дому, на фаніпальскай вуліцы Коласа. Ткачэнка да таго «кульнуў кілішак» (колькасьць выпітага не называецца), па вуліцы ішоў без кашулі.

Міліцыянты сьцьвярджаць, што зрабілі Ткачэнку заўвагі за гэта, прапанавалі сесьці ў машыну «для далейшага разьбіральніцтва», а Ткачэнка «адрэагаваў у грубай форме, крычаў, абражаў супрацоўнікаў міліцыі, адмаўляўся сесьці ў службовы аўтамабіль, хапаўся за форменнае абмундзіраваньне». На яго надзелі кайданкі і пасадзілі ў машыну, адвезьлі ў аддзяленьні міліцыі, склалі пратаколы за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.

Ткачэнка ж заяўляе, што пасьля складаньня пратаколаў яго ў кайданках адвялі ў іншы кабінэт, дзе Бязьверхні ўдарам паваліў яго на падлогу. Нехта ўзяў другія кайданкі і прыкаваў яго правую нагу да рук за сьпінай, пакінуў у такім стане на 40 хвілін.

«Адзін з супрацоўнікаў, якія знаходзіліся ў пакоі, заступіўся за мяне, сказаўшы міліцыянту, каб той спыніў ужываць да мяне забароненыя прыёмы, — сьцьвярджае Ткачэнка. — У гэты момант Бязьверхні стаў нагой мне на твар і некалькі раз паўтарыў, што яму за гэта нічога не будзе. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі зьневажалі мяне і абзывалі жонку, якая прыйшла даведацца пра мяне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG