418 жыхароў Крычаўскага раёну падпісаліся за адстаўку старшыні райвыканкаму Васіля Сысоева. На думку незадаволеных грамадзян, ён не дае рады сваім абавязкам.
Зварот накіравалі старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімеру Даманеўскаму і ў райсавет. Прынятае рашэньне просяць апублікаваць у абласной і раённай газэтах.
«Мы назіраем за сытуацыяй у раёне, гаварылі зь людзьмі. Усе кажуць, што раён „падае“. На пачатку году мы даведаліся пра ацэнку аблвыканкаму, і, паводле яе, раён апынуўся на перадапошнім месцы па рэйтынгу эканамічнага і сацыяльнага разьвіцьця ў вобласьці. Так што нашы ацэнкі і ацэнка аблвыканкаму супалі. Нашы высновы: трэба мяняць кіраўніка раёну», — кажа мясцовы журналіст Сяргей Няроўны.
Паводле яго, спачатку плянавалі сабраць тысячу подпісаў, ды шмат хто баяўся падпісвацца.
«Але 418 чалавек паставілі подпісы — гэта таксама дасягненьне», — кажа Няроўны.
«Пасьля таго як пры канцы кастрычніка 2011 году старшынём Крычаўскага райвыканкаму зацьвердзілі Васіля Сысоева, і без таго гаротны стан эканомікі і сацыяльнай сфэры нашага раёну стаў пагаршацца паскоранымі тэмпамі», — гаворыцца ў звароце, пад якім некалькі месяцаў падпісваліся крычаўцы.
Яны вінавацяць кіраўніка ў спыненьні прадпрыемстваў, на якіх трымалася эканоміка раёну: старога цэмзавода, райпо, «Крычаўгрузаўта». Паводле падпісантаў, амаль усе сельгаспрадпрыемствы ў раёне — пад пагрозай банкруцтва. Скарачаецца колькасьць камэрцыйных арганізацый і прадпрымальнікаў, а кіраўніцтва раёну ня робіць «адэкватных і эфэктыўных захадаў па пытаньнях працаўладкаваньня грамадзян».
«Крычаўскі раён стаў некамфортны для пражываньня», — гаворыцца ў звароце са спасылкай на высновы, зробленыя абласной дзяржаўнай газэтай «Магілёўскія ведамасьці».
«Усё гэта вынік неэфэктыўнай арганізацыі працы мясцовага райвыканкаму на чале з старшынём Васілём Сысоевым, — падсумоўваюць падпісанты звароту. — Лічым неабходным рашыць пытаньне аб мэтазгоднасьці далейшага знаходжаньня яго на пасадзе кіраўніка выканаўчай улады раёну ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».
Сяргей Няроўны разьлічвае, што яго запросяць на сэсію райсавету, калі будзе разглядацца зварот. І спадзяецца, што ўлады ня будуць перасьледаваць падпісантаў.