Напрыклад, што папяровая кніга памрэ. У Беларусі яна і памерла, але зусім не таму, што зьявілася лічба, а таму, што ва ўмовах несвабоды няма кніжнага рынку. Альбо – што беларуская мова памрэ. Каму яна так замінае? Ці што Асмалоўку трэба зьнесьці. Навошта? Бо могуць прыйсьці інвэстары. Але яшчэ не прыйшлі. Атмасфэрны куток старога Менску трэба зьнішчыць, хоць ні ў каго няма зялёнага ўяўленьня, што тут па-іншаму можа і павінна быць.
Усё, што я зразумеў у «новай журналістыцы» – што кожны будзе сам фармаваць сваю інфармацыйную праграму. У сацсетках. Будзем лайкаць, стрыміць, шэрыць і ў выніку атрымаем стыхію, зь якой урэшце паўстане якая-небудзь новая іранская рэвалюцыя. Вось для чаго «сайты павінны памерці».
Вытокі гэтай лухты – у здаўна і глыбока ўкаранёным у мяшчанскай сьвядомасьці ўяўленьні, што журналістам можа быць кожны, а значыць, журналістыка – не прафэсія. На выхадзе праклён сайтам (радыёэфіру, тэлеканалам) – гэта праклён журналістыцы. Бо нічога з такой падмены сеткамі сайтаў не атрымліваецца. Гэта дзьве розныя сфэры, якія могуць існаваць паралельна. Нішто не «павінна памерці».
Насамрэч няма ніякай «новай журналістыкі», таму што журналістыка – гэта прафэсія. Фармаваньне інфармацыйнай праграмы – прафэсія. Як прафэсія – фармаваньне асартымэнту гіпэрмаркета (а ты ўжо выбіраеш, дзе табе больш падабаецца затаварвацца). Як прафэсія – палітычныя рухі і партыі (і ты зноў выбіраеш, дзе твае інтарэсы прадстаўленыя найлепей). Як прафэсія – тэатар (у кожнага свой рэпэртуар і свае ўлюбёныя акторы). Тое самае – газэты, радыё- і тэлеканалы, яны ж сайты: кожны са сваім рытмам, сваімі галасамі, сваім зьместам. Ты выбіраеш, але не хаос з коцікаў і танкаў (гэта таксама выбіраеш, але гэта ня масмэдыя, ня СМІ, не журналістыка, гэта толькі для сябе сеціўны шум), а той сайт, якому ты давяраеш. Давяраеш перш за ўсё таму, што для цябе яго робяць прафэсіяналы.
У сацсетках пытаньне даверу не стаіць. Менавіта тут нарадзілася і дагэтуль тыражуецца тая брэксітаўская постпраўда пра шматмільённыя страты Брытаніі ад удзелу ў ЭЗ. Постпраўда або хлусьня ў сацсетках не правяраецца, не праясьняецца і пачынае пранікаць у журналістыку нібыта прафэсійных СМІ.
Малое дзіця выпала з вакна. Бацькі былі дома. Дзіця было не пад прыглядам, – чытаю на беларускіх сайтах. Але так нельга. Бо пытаньне: чаму дзіця выпала з вакна, бо было не пад прыглядам калі дома бацькі? – галоўнае, на якое мусіў адказаць журналіст. Няма адказу. Гадайце! Абмяркоўвайце!
Увогуле кажу звычайныя рэчы і суцяшаю сябе тым, што гэта трэба казаць хіба што ў нас у Беларусі. Бо калі гляджу ў шырэйшы сьвет, бачу, што ніякія сайты не паміраюць – ад Wyborczej да NYT – і паміраць не зьбіраюцца. Застаюцца такімі, якімі ты іх ведаеш і любіш. І свае сацсеткі разьвіваюць – як абслугу кантэнту сайтаў: як рэкляму, як дыскусійны клюб, як правакацыю, калі хочаце. Але не як журналістыку, для якой важныя прафэсійныя прынцыпы, а таму і яна важная для нас.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.