Гарадзенка Марыя Пятачэнка праз інтэрнэт пачала збор подпісаў да гарадзкіх уладаў за тое, каб шыльды ў горадзе дубляваліся беларускай лацінкай, а прыпынкі ў гарадзкім транспарце аб’яўлялі, як на беларускай, так і на ангельскай мове.
Паводле Пятачэнкі, гэта шмат у чым дапаможа турыстам, якія цяпер дзякуючы бязвізаваму ўезду наведваюць Горадню. Свабодзе Пятачэнка патлумачыла, што да гэтай ідэі прыйшла пасьля таго, як да яе пачалі прыяжджаць госьці з-за мяжы і пабачыла, як цяжка ім карыстацца кірыліцай.
— Насамрэч, людзі з Захаду нават з гугл мэпс ня могуць нармалёва перамяшчацца па горадзе. А ў транспарце папросту губляюцца, паколькі не разумеюць мовы, а, па-другое, на прыпынках таксама ў нас усё напісана па-расейску. Дзеля іх зручнасьці трэба абавязкова прадубляваць гэтыя надпісы. Вельмі хочацца, каб людзям было зручней, каб яны паболей пабачылі ў нашым горадзе.
Што датычыць таго, ці зьвернуць увагу гарадзенскія ўлады на прапанову Марыі Пятачэнка, яна таксама не зусім у гэтым упэўненая.
— Аднак ведаеце, відавочна, што ўсё ж калі турысты да нас паехалі, то і ўлады пачалі нешта рабіць у горадзе. Магчыма яны ня зьвернуць увагу на маю прапанову, а магчыма і зацікавяцца, паколькі я бачу, што яны таксама шукаюць рознага кшталту карысныя прапановы. Я пастараюся давесьці сваю справу да канца: зьбяру подпісы, а ўжо як паступяць улады — пабачым. Зрэшты, падобны вопыт існуе ў многіх гарадах і ён нядрэнна сябе зарэкамэндаваў.