Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кастрычніцкай плошчы прайшла акцыя салідарнасьці з затрыманымі ў «справе патрыётаў»

абноўлена

22 чэрвеня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску праходзіць пікет салідарнасьці зь фігурантамі «справы патрыётаў». Больш за 10 чалавек выйшлі на плошчу з партрэтамі зьняволеных і расьцяжкай «Свабоду палітвязьням».

У акцыі бяруць удзел Максім Вінярскі, Вольга Мікалайчык, Арцём Чарняк і іншыя актывісты.

«Мы выйшлі падтрымаць палітычных зьняволеных, Зьмітра Паліенку, Міхаіла Жамчужнага і затрыманых па «справе патрыётаў», — сказаў Максім Вінярскі.

Раней гэтую акцыю анансаваў былы вязень «амэрыканкі» Сяргей Кунцэвіч. Ён сказаў, што сам ён не арганізатар акцыі, але возьме ў ёй удзел разам зь сябрамі і аднадумцамі.

Празь некаторы час да ўдзельнікаў пікету падышоў міліцыянт. Ён папярэдзіў, што правядзеньне акцыі не дазволенае, і запатрабаваў, каб людзі разышліся.

Вольга Мікалайчык, якая трымае партрэт Зьмітра Паліенкі, сказала, што міліцыянт парушае пакт аб грамадзянскіх правах чалавека ААН.

«Беларусы маюць права на свабоду слова, на пікеты і сходы. Я ўжо маю за такія пікеты 10 тысяч неаплачаных штрафаў, у мяне апісана маёмасьць. Але мы прыйшлі, каб падтрымаць нашых лепшых людзей, якія сядзяць за кратамі ні за што, гніюць за кратамі. Таму я тут».

Максім Вінярскі сказаў, што наступная акцыя пройдзе 3 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы.

Акцыя салідарнасьці скончылася без затрыманьняў. Супрацоўнікі міліцыі вялі апэратыўныя відэаздымкі, папярэджвалі, каб пікетоўцы разышліся, аднак не перашкаджалі ім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG