Мянчанка Ангеліна Пішчыкава толькі год таму скончыла БДУ, дзе вывучала дызайн прадметна-прасторавага асяродку. Дызайнэрам яна працуе менш за год, хаця летнюю практыку ў рэклямных агенцтвах праходзіла, пачынаючы з трэцяга курсу. Зараз Ангеліна зьяўляецца супрацоўніцай агенцтва «Аіда Піянэр Груп», яна звычайны дызайнэр.
«Калі я вывучала гісторыю адкрыцьця лямпачак, то наткнулася на цытату Эдысана. Пра тое, што, ствараючы лямпачку, ён арыентаваўся на сьветлячка як на ідэальную крыніцу халоднага сьвятла. І ў мяне неяк ланцужок асацыятыўны склаўся і зь іншымі кузуркамі. Узьнікла ідэя іх таксама падаць у форме лямпаў»
Упакоўка для лямпачак, створаная Ангелінай, мела міжнародныя ўзнагароды і да «срэбра» ў Канах. Напрыклад, «золата» і Гран-пры фэстывалю «Белы квадрат», «срэбра» Кіеўскага фэстывалю рэклямы. Тым ня менш Ангеліна Пішчыкава гаворыць, што «срэбра» ў Канах стала для яе нечаканасьцю.
«Пазаўчора стала вядома, што мы трапілі ў шорт-ліст. І гэта стала нечаканасьцю, — расказвае Ангеліна. — А ўчора ўвечары ўжо глядзелі прамую трансьляцыю. Цырымонія ўзнагароджваньня пачалася ў восем гадзін па менскім часе. І вось убачылі ў жывым эфіры, што аб’яўляюць Беларусь».
Спадарыня Пішчыкава гаворыць, што пакуль новых прапановаў аб працы не атрымлівала, а яна сама яшчэ не пасьпела ачуняць. «Вельмі шмат званкоў, вельмі шмат лістоў. Я не пасьпяваю ўсё зразумець, вялікі вэрхал. Аб прапановах новай працы яшчэ пакуль рана гаварыць», — расказвае дызайнэрка.
Фэстываль рэклямы ў Канах — вельмі прэстыжнае мерапрыемства. Беларусы ўваходзілі ў лік прызёраў толькі аднойчы, 12 гадоў таму. Тады агенцтва Starcom/"Крынь" атрымала «золата». Гэта быў першы посьпех такога ўзроўню ў рэклямнікаў з постсавецкай краіны.
Тым ня менш тавараў з арыгінальнай і прыгожай упакоўкай у беларускіх крамах ня так шмат. Ангеліна зьвязвае гэта з тым, што беларусы пакуль не зусім гатовыя для экспэрымэнтаў у гэтай галіне. «Упакоўка ж усё адно робіцца для кліента. І існуе вельмі шмат абмежаваньняў. У беларусаў не зусім эўрапейскі ўзровень адукацыі ў гэтым, таму нашы этыкеткі адрозьніваюцца ад эўрапейскіх. Але ўсё пакрысе разьвіваецца», — гаворыць Ангеліна.
Пішчыкава лічыць, што ў Беларусі не бракуе таленавітых маладых дызайнэраў, але ім пакуль не заўсёды даюць свабодна рэалізоўваць свае ідэі. Ёсьць праблема і з вытворцамі. Шмат хто проста не разумее, наколькі важна зрабіць для сваёй прадукцыі якасную ўпакоўку. «Некаторыя вытворцы ўвогуле ня лічаць патрэбным зьвяртацца да дызайнэраў і ў агенцтвы», — камэнтуе Ангеліна.
Дызайнэрка плянуе працягваць навучаньне і разьвівацца. «Хачу наведваць сэмінары, курсы. Расьці далей. Ці магчыма гэта ў Беларусі? Я думаю, што не. Для гэтага давядзецца выяжджаць за мяжу, наведваць сэмінары і лекцыі там», — гаворыць Ангеліна Пішчыкава.
Дарэчы, тыя самыя лямпачкі ва ўпакоўцы з кузуркамі можна будзе свабодна набыць у беларускіх крамах з канца жніўня. Вытворца зьбіраецца паставіць у крамы першую партыю памерам 20 тысяч штук.