Міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў суму кантракту не назваў, але пацьвердзіў, што будзе закуплена 12 СУ-30СМ, закуп расьцягнецца на 3 гады і пачнецца «з пачаткам фінансаваньня».
Аляксандар Лукашэнка ў 2017 годзе казаў, што, дамаўляючыся з Пуціным пра тое, каб купіць у Расеі самалёты СУ-30, называў верагодныя кошты — 25 мільёнаў даляраў.
Як ацаніць тое, што ў выніку Расея прадае Беларусі самалёты СУ-30СМ па цане ўдвая большай, чым прасіў кіраўнік Беларусі?
Незалежны экспэрт Аляксандар Алесін пракамэнтаваў Свабодзе гэтую зьдзелку:
«Найперш трэба ўяўляць, што там можа быць розная камплектацыя і, адпаведна, розныя кошты. Калі гаворка пра камплектуючыя ад расейскіх вытворцаў, дык тады кошты для расейскай арміі — ад 25 мільёнаў даляраў за самалёт. Але на сусьветным рынку заказчыкі просяць рознае электроннае і бартавое абсталяваньне. Іншыя радары, іншыя радыёстанцыі і гэтак далей. Гэта ўсё закупляецца ў розных замежных вытворцаў і потым укладаецца ў кошт самалёта. Таму цэны могуць быць яшчэ вышэйшыя.
Таксама закупляецца камплект бартавога ўзбраеньня, безь якога самалёт непатрэбны. Да самалётаў трэба закупіць новыя высокадакладныя ракеты і бомбы, якіх у нас няма. Некаторыя віды ракет будуць каштаваць ледзь не як добры самалёт. Гэтым можна патлумачыць такі кошт кантракту, бо пастаўкі будуць весьціся комплексна.
Чаму Пуцін не саступіў Лукашэнку ў цане? А ён ня можа прадаваць самалёты ніжэй за сабекошт на заводзе ў Іркуцку. Ён саступіў па ўмовах аплаты, у тым, што гэтыя 600 мільёнаў даляраў расьцягнуцца на 3 гады. Але ніжэй быць ня можа. Усё роўна прадаюць нам СУ-30СМ збольшага па ўнутраных расейскіх коштах зь невялікай надбаўкай, але ня гэтак, як прадалі раней той жа Малайзіі. Ім прадалі прыкладна за 45 мільёнаў даляраў адзін самалёт, прычым зь іншым камплектам узбраеньня. У выніку малайзійцы мусілі закупіць у амэрыканцаў кіраваныя бомбы і адаптаваць іх для гэтых рускіх СУ-30. Спадзяюся, у камплект да СУ-30СМ, якія мы закупім у Расеі, будзе шмат чаго ўваходзіць, што ня трэба будзе купляць дадаткова недзе яшчэ. Але пакуль кантракт невядомы, і ацэньваць камплект узбраеньня зарана».
Паводле Аляксандра Лукашэнкі, у красавіку 2017 году падчас ягонай сустрэчы з прэзыдэнтам РФ Уладзімерам Пуціным у Санкт-Пецярбургу адбылася размова пра кошты самалётаў СУ-30, якімі Беларусь разьлічвае пераўзброіць сваю баявую авіяцыю. Лукашэнка перадаў зьмест размовы гэтак:
«Мы дамовіліся, у Савеце бясьпекі Беларусі, што нам трэба, якія віды ўзбраеньняў, і я яму пра гэта сказаў. Праўда, ён адразу падскочыў: „А ты ведаеш, колькі гэта каштуе?“ Я кажу: „Ведаю, пра самалёты СУ-30 — ну, мільёнаў 20–25“. Так, кажу, добра, палову я заплачу. Таму што яны нам патрэбныя цяпер, нават цяпер. Таму што старыя мадэлі, СУ і МіГі, выходзяць з эксплюатацыі, і нам трэба больш сучасныя».