На Захадзе былі «Led Zeppelin», «Deep Purple», «Black Sabbath», «Pink Floyd», а ў Польшчы — «Czerwone Gitary» і «Skaldowie»… Ня трэба тлумачыць, каму мы, польскія ліцэісты ў першай палове 1970-х, аддавалі перавагу, калі хацелі адцягнуцца пасьля ўрокаў. Ужо тады музыка Севярына Краеўскага («Czerwone Gitary») і Анджэя Зяліньскага («Skaldowie») успрымалася як старасьветчына, мілая вуху, але — банальная. Вушы прагнулі нечага больш жорсткага і заваднога, як «Smoke on the Water»… І раптам, у 1974, нас агламазьдзіла такое:
Гурт меў дзівотную назву «Budka Suflera» (Суфлёрская будка) і правінцыйную прапіску — музыкі былі зь Любліну. Мы адразу адчулі — нарэшце нехта пачаў граць у стылі хард-рок і ў Польшчы — і зь нецярплівасьцю чакалі далейшых песень і альбому. У 1975 годзе зьявіўся дэбютны long-play «Budkі Suflera»: «Cień wielkiej góry». Гэты быў поўны музычны экстаз! Гурт на той час складалі: Кшыштаф Цугоўскі (сьпеў), Анджэй Зюлкоўскі (гітара), Томаш Зэлішэўскі (бубны), Ромуальд Ліпка (бас-гітара, фартэпіяна). У запісе дыску, як дадатковыя музыкі, узялі ўдзел Марэк Стэфанкевіч (арган) і сам Чэслаў Немэн (сынтэзатар Муга). Вось адзін з нумароў з таго альбому, песьня «Jest taki samotny dom». Канцэртных запісаў гурту з 1970-х гадоў не захавалася, таму я прапаную відэаролік з 1999 году, калі «Budka Suflera» адзначала сваё 25-годзьдзе. Зьвярніце ўвагу на магутны голас вакаліста Кшыштафа Цугоўскага, адзін з «фірмовых знакаў» музыкі «Budkі Suflera».
У 1976 годзе гурт выдаў другі альбом, «Przechodniem byłem między wami». Музычна альбом быў больш рафінаваны, чым першы (больш складаныя музычныя гармоніі, перагружаныя мэтафарамі ажно да няўцямнасьці паэтычныя тэксты), але менш «хард-рокавы». Вось «Pieśń niepokorna», якая адкрывае гэты альбом:
Пасьля другога альбому два галоўныя маторы «Budkі Suflera», Цугоўскі і Ліпка, не знайшлі музычнага паразуменьня, і Цугоўскі пакінуў гурт. У гурце зьявіліся новыя вакалісты ды зьмяніўся музычны стыль — Ліпка павёў калегаў у бок музычнага мэйнстрыму, у бок згаданых гуртоў «Czerwone Gitary» і «Skaldowie». У пачатку 1980-х гурт запісаў два вельмі папулярныя на той час хіты: «Jolka, Jolka pamiętasz» і «Nie wierz nigdy kobiecie».
Кшыштаф Цугоўскі вярнуўся ў гурт у 1984 годзе. Вось ва ўсіх адносінах беззаганная песьня «Cały mój zgiełk» з альбому «Czas czekania, czas olśnienia», выдадзенага адразу пасьля ягонага вяртаньня:
«Budka Suflera», на жаль, у далейшым не вярнулася да хард-рокавага стылю свайго першага альбому, які, як для мяне, застаецца па сёньняшні дзень адзіным «клясычным» хард-рокавым альбомам у польскай музыцы.
На заканчэньне я прапаную паслухаць баляду «Sen o dolinie», якую музыкі «Budkі Suflera» запісалі на пачатку сваёй кар’еры як пераробку песьні «Ain’t No Sunshine» амэрыканскага сьпевака і гітарыста Біла Ўідэрса. Якраз пасьля гэтага запісу правінцыйныя рокеры атрымалі ад фірмы «Polskie Nagrania» прапанову запісаць свой «клясычны» альбом, «Cień wielkiej góry». Баляду гурт выконвае перад стотысячнай аўдыторыяй, у 2014 годзе! Толькі настальгія?